~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Кнігаўка &keywords = кнігаўка, птушкі, крыніцы, птушак, баіцца, кідаецца, крычыць, лётае, балота, рэкі, напіцца, звяры, піць &abstract = Апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Кнігаўка" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Кнігаўка ====== У балотных і вадзяных птушак ёсць пільная варта, якая не баіцца чужакоў, а кідаецца ім насустрач і голасна крычыць: «Чый ты?.. Чый ты?..»\\ З дабром ідзеш – не пакрыўдзішся на чуйных кнігавак-вартаўніц. Намер зламысны затаіў – усім вядома: трэба хавацца.\\ Гэтыя птушкі вяртаюцца з выраю ранняй вясной. Свае гнёзды яны ладзяць паміж купін, на леташніх травінках. Калі пацяплее, адкладаюць яйкі і выседжваюць, пакуль не праклюнуцца птушаняты. Кнігаўкі – клапатлівыя бацькі, я неаднойчы бачыў іх бойкі з нахабнымі варонамі, ахвотніцамі да лёгкай спажывы. А бадзяжнага сабаку яны перамагаюць хітрасцю: лятаюць зусім блізка, назаляюць яму і ўсё далей адводзяць ад гнязда.\\ Крылы ў чубатых кнігавак непадобныя да крылаў іншых птушак. Спадыспаду яны напалову белыя і напалову чорныя, а па канцах – быццам падстрыжаныя. Таму кнігаўка лётае нязвыкла: куляецца, кідаецца ў бакі і раптам паднімаецца ўгору. Паспрабуй яе дагані! Ад світання і да змяркання вартуе кнігаўка балота, дагаджае птушынай грамадзе, бо калісьці моцна правінілася...\\ Надарылася вельмі спякотлівае лета. Кожны дзень няшчадна смажыла сонца, з раніцы да вечара не сунімаўся вецер-сухавей. Праз месяц – высахлі азёры, праз два – зніклі рэкі, праз тры – сыпучы пясок праглынуў усе крыніцы.\\ Пагаравалі людзі, паўздыхалі, а потым дружнай талакой выкапалі ў кожнай вёсцы калодзеж.\\ Затое дзікім жывёлам – хоць уцякай ад смагі на край свету. Сабраліся яны і таксама захацелі здабыць ваду, а кнігаўка адмовілася ім дапамагаць.\\ – Каб напіцца, мне хопіць расінкі... – сказала яна.\\ Звяры і птушкі раззлаваліся на гультайку, грозна яе папярэдзілі:\\ – Тады запомні: табе нельга напіцца ні ў рэчцы імклівай, ні ў возеры глыбокім, ні ў крыніцы празрыстай. А каб спатоліць смагу, лаві дажджавыя кроплі. Інакш ні табе, ні тваім дзецям – не будзе спагады...\\ Так яно і збылося. Звяры і птушкі вярнулі азёры, рэкі і крыніцы. Усім цяпер хапае ўдосталь вады. Толькі кнігаўка лётае і жаласна крычыць:\\ – Піць хачу!.. Піць хачу!..\\ Навокал хапае вады, а яна баіцца памачыць сваю дзюбу, бо ведае, што застанецца без роднага балота. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]]