~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Заяц &keywords = заяц, зайца, хорт, злавіць, лічылку, ліса, ўцякае, пакорміць &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Заяц" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Заяц ====== \\ Кожны, мабыць, ведае: у гульні не абысціся без лічылкі. А складзена лічылак шмат. Кароценькіх і доўгіх, смяшлівых і нязвыклых. Я таксама ведаю некалькі лічылак. Асабліва мне падабаецца вось гэтая: \\ – Заяц, заяц.\\ Дзе ты быў?\\ А я ў лесе\\ Рабіў,\\ Там лыкі драў.\\ – А куды іх клаў?\\ – Пад старую калоду.\\ Выйдзі вон з карагоду! \\ Пагадзіся, дружа: добрая лічылка. Але ты, напэўна, не чуў пра лыкі. Гэта – лазовая кара, з якой нашы дзяды і прадзеды плялі сабе лапці. Даўней абутак быў вельмі дарагі, і не кожны мог прыдбаць сабе чаравічкі ці боты.\\ Найлепшы майстра драць кару – заяц. Нездарма ў яго пярэдніх два зубы такія вялікія і вострыя. Імі даўгавухі ў адзін міг сцярэбіць і морквіну, і качан капусты. Але дзе ён возьме іх снежнаю, сцюдзёнаю зімою, калі нават сухою травінкаю цяжка разжыцца? Вось і вымушаны заяц уначы скакаць да вёскі, каб падмацавацца салодкаю карою маладзенькіх яблынь. Ды не заўсёды шанцуе небараку. Добры гаспадар абвязвае дрэўцы калючымі яловымі лапкамі, трымае ў цёплай будзе злога сабаку...\\ Незайздроснае зайцава жыццё. Шмат у яго ворагаў. I воўк, і ліса, і, вядома ж, паляўнічыя. А паратунак адзін – заднія ногі. Дзякуючы ім, доўгім і дужым, заяц уцякае ад бяды з хуткасцю аўтамабіля. I не проста ўцякае, а робіць хітрыя петлі, каб заблытаць сваіх здаганятых.\\ Асабліва цяжка даводзіцца маленькім зайчанятам. Першыя з іх з’яўляюцца на свет у сакавіку. Адразу ў цёплым футры, з расплюшчанымі вачамі. Зайчыха пакорміць іх удосталь малачком і пакідае адных. Зайчаняты таксама не сядзяць на месцы, хутка разбягаюцца. Потым надоўга затойваюцца сярод кустоў і купін. Зусім безабаронныя, нават перад нахабнымі варонамі і сарокамі. А вось ад зямных драпежнікаў звяркоў на першым часе ратуе тое, што іхнія слядкі не маюць паху. Прабяжыць паблізу ліса і не пачуе лёгкую спажыву. Затое любая маці-зайчыха, натрапіўшы на шарачка, абавязкова пакорміць яго. Міне два тыдні, і ў малога вырастуць зубы. Тады ён пяройдзе на траву-мураву, якой увесну і летам багата.\\ На Беларусі, дарэчы, не ўсе зайцы падобныя. Ёсць зайцы-русакі і ёсць зайцы-белякі. Белякі пераважна жывуць у лесе, а русака можна ўбачыць і ў полі, і на лузе, наведваецца ён, як я ўжо казаў, і ў сады.\\ На заканчэнне навучу цябе, дружа, гульні цікавай. Як, ты думаеш, яна называецца? Ну, канешне – «У зайца»! Пакліч як мага больш хлапчукоў і дзяўчатак. Усе вазьміцеся за рукі і ўтварыце кола. А тыя двое, каго вы вызначылі праз зайцаву лічылку, няхай стануць асобна. Гэта – заяц і хорт. Хартамі даўней называлі самых хуткіх сабак. Хорт павінен злавіць зайца, які ўцякае і хаваецца. Цяжка харту, бо перад ім заўсёды апускаюць рукі, тады як перад зайцам іх падымаюць угару. I ўсё-ткі спрытны хорт павінен злавіць зайца. А як зловіць – пачне яго шчыпаць ці казытаць. Тады ўсе кідаюцца бараніць зайца. Смеху – поўны мех.\\ Калі ж усе супакояцца, зноўку, праз лічылку, трэба выбраць зайца і харта. Гульня пачынаецца спачатку. Цікавая і вясёлая, як зайцавы скокі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]]