~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Жаўрук &keywords = рукі, бог, рука, вясны, кажуць, пайду, ястраба, біць, дарозе, кій, конік, саху, селянін, араты &abstract = Апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Жаўрук" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Жаўрук ====== Жаўрукі вяртаюцца з выраю ў пачатку сакавіка. Сонца яшчэ не паспела злізаць снег, уначы і раніцай шчыпаецца мароз. А жаўрукі радасна звіняць над лугамі і палеткамі, вітаючы надыход вясны.\\ Дарэчы, іх тры браты: палявы жаўрук, баравы жаўрук і жаўрук-смяцюх, у якога на галаве тырчаць пярынкі, быццам чуб.\\ Людзі кажуць, што смяцюх бярэ саломінку, паднімаецца ў неба і крычыць:\\ – Пайду ястраба біць!.. Пайду ястраба біць!..\\ Потым саломінка выпадае з дзюбы, ён стрымгалоў кідаецца на зямлю, а па дарозе апраўдваецца:\\ – Кій упаў!.. Кій упаў!..\\ Мне вельмі падабаецца легенда, як з’явіліся жаўрукі. Ішоў па дарозе Бог і ўбачыў ён селяніна, які араў свой палетак. Конік ледзьве цягне саху, а кашуля ратая ажно змакрэла ад поту. Спыніўшы хаду, Бог паспачуваў чалавеку.\\ – Дзе ратай плача, там жняя скача! – адказаў яму селянін і запрасіў папалуднаваць разам.\\ Хоць які там полудзень! Луста чэрствага хлеба, дзве горкія цыбуліны ды збанок крынічнай вадзіцы... Аднак праўду кажуць: не дораг абед, а дораг прывет. Падмацаваўся Бог і спытаў гаспадара, якую ён хацеў бы мець сабе палёгку.\\ – Не трэба мне палёгкі, – сказаў селянін, – толькі абрыдла слухаць, як грукае каменне аб нарог...\\ Пагаманілі яны трохі і развіталіся. Араты далей павёў баразну, а Бог падняў з зямлі каменьчык і шпурнуў угору. Праз імгненне пад аблокамі, нібы званочак, зазвінела маленькая птушка. Весялей пацягнуў саху конік, усміхнуўся сам сабе араты. З таго часу жаўрукі гняздзяцца на полі, яны падобныя на шэрыя каменьчыкі.\\ Жаўрукам цяжка трымаць на маленькіх крылах званочкі вясны, але можна ім памагчы. Папрасіце маму, каб напякла з цеста чубаценькіх пташак, а ў нядзельку выйдзіце на вуліцу, як мага вышэй падкідайце іх надсабой і спявайце: Жавароначкі, прыляціце,\\ Цёпла лецейка прынясіце!\\ Бо зімачка надаела,\\ Усе хлебушкі пераела! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]]