~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Жавароначкі, прыляціце... &keywords = вясны, жаўрукі &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Жавароначкі, прыляціце..." &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Жавароначкі, прыляціце... ====== \\ Жаўрукі – найпершыя пасланцы вясны. На Беларусь яны вяртаюцца з выраю ў сярэдзіне сакавіка. Сонца яшчэ не паспела злізаць снег. Раніцою і ўвечары кусаецца мароз. А жаўрукі пяюць ужо, звіняць над полем і лесам, над вёскамі і гарадамі, вітаюць прыход вясны.\\ Іх у дружнай жаўруковай сямейцы – чатыры родныя браты.\\ Палявы.\\ Лясны.\\ Чубаты.\\ Рагаты.\\ Не бойцеся, у апошняга з братоў зусім не страшныя рожкі. Проста ў яго на галоўцы тырчаць пярынкі. Імі не надта напалохаеш драпежнага ястраба. Але жаўручок, як расказваюць старыя людзі, паднімецца з саломінкаю ў неба і спявае: "Пайду ястраба біць! Пайду ястраба біць!.."\\ Ды вось бяда – саломінка выпадае, і жаўрук каменем ляціць да зямлі. А па дарозе апраўдваецца: "Кій упаў! Кій упаў!.."\\ Цяжка жаўруку несці на малых крылах званочкі вясны. Але можна дапамагчы ім. Трэба папрасіць маму, каб яна напякла з цеста чубаценькіх пташак. Потым нядзелькаю выйсці на вуліцу, як мага вышэй падкідваць іх угору над сабою і спяваць:\\ – Жавароначкі, прыляціце,\\ Цёпла лецейка прынясіце!\\ Бо зімачка надаела,\\ Усе хлебушкі пераела!\\ Паспрабуй, мой маленькі сябар. І ты абавязкова, хоць на адну хвіліну, наблізіш прыход вясны-красны на родную зямлю. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]]