Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-ягоўдзік:уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с

Гэта старая версія дакумента!


Уладзімір Ягоўдзік — Вялікая сініца і яе сястрыцы


Гэтую невялічкую жвавую птушку ўсе добра ведаюць. Цёмная шапачка на галоўцы, белыя шчочкі, на жоўтым жывоціку – чорны гальштук. Яе звонкі бадзёры галасок чуваць здалёк:
– Ці-ці-ці… Пінь-пінь!.. Ці-ці-сі-і… Пінь-пінь!..
Вялікая сініца – найбольшая і самая адважная сярод сваіх сястрыц, якія жывуць у нашых лясах і парках. Іх цэлая сямейка – ажно дзесяць прыгажунь! Я назаву кожную, каб ніводную не пакрыўдзіць.
Белая сініца-князёк гняздзіцца толькі на Палессі, а сіняя – ахвотна гаспадарыць у гарадскіх парках і скверах.
Па берагах рэк і азёр, у зарасцях трыснягу і чароту можна ўбачыць вусатую сініцу, а ў хваёвых лясах – чубатую.
Па суседстве з імі жывуць даўгахвостыя сініцы-апалоўнікі і самая маленькая з сясцёр – сініца-маскоўка.
Ёсць яшчэ падобныя адна да адной як дзве кроплі вады сяброўкі: сівая сініца і бурагаловая сініца.
Усе гэтыя сястрыцы сустракаюцца ў Беларусі круглы год. У вырай адлятае толькі славуты будаўнік рэмез. Сваё гняздо ён будуе ў выглядзе мяккай рукавічкі, якую падвешвае на галінку дрэва. Вецер гайдае галінку і бясплатна люляе рэмезавых птушанят.
Каб пасябраваць з сініцамі, трэба зімой насыпаць у кармушку сланечнікавых семак. Сюды хутка наведаецца вялікая сініца. Яна пакаштуе семкі і запросіць сябровак. Потым прыляціць сіняя сініца з блакітнай шапачкай на галаве. Калі ласунак спадабаецца, яна пакліча бурагаловую сініцу…
А назаўтра – смела адпраўляйцеся ў вандроўку, каб пазнаёміцца з астатнімі сястрыцамі. Яны пакажуць вам рэмезаву рукавічку, але наўрад ці вы зможаце яе надзець.

Падобныя старонкі

творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с.1755963876.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki