~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Вялікая сініца і яе сястрыцы &keywords = сініца, сіняя, галінку, вялікая, лясах, жывуць, парках &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Вялікая сініца і яе сястрыцы" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Вялікая сініца і яе сястрыцы ====== \\ Гэтую невялічкую жвавую птушку ўсе добра ведаюць. Цёмная шапачка на галоўцы, белыя шчочкі, на жоўтым жывоціку – чорны гальштук. Яе звонкі бадзёры галасок чуваць здалёк:\\ – Ці-ці-ці… Пінь-пінь!.. Ці-ці-сі-і… Пінь-пінь!..\\ Вялікая сініца – найбольшая і самая адважная сярод сваіх сястрыц, якія жывуць у нашых лясах і парках. Іх цэлая сямейка – ажно дзесяць прыгажунь! Я назаву кожную, каб ніводную не пакрыўдзіць.\\ Белая сініца-князёк гняздзіцца толькі на Палессі, а сіняя – ахвотна гаспадарыць у гарадскіх парках і скверах.\\ Па берагах рэк і азёр, у зарасцях трыснягу і чароту можна ўбачыць вусатую сініцу, а ў хваёвых лясах – чубатую.\\ Па суседстве з імі жывуць даўгахвостыя сініцы-апалоўнікі і самая маленькая з сясцёр – сініца-маскоўка.\\ Ёсць яшчэ падобныя адна да адной як дзве кроплі вады сяброўкі: сівая сініца і бурагаловая сініца.\\ Усе гэтыя сястрыцы сустракаюцца ў Беларусі круглы год. У вырай адлятае толькі славуты будаўнік рэмез. Сваё гняздо ён будуе ў выглядзе мяккай рукавічкі, якую падвешвае на галінку дрэва. Вецер гайдае галінку і бясплатна люляе рэмезавых птушанят.\\ Каб пасябраваць з сініцамі, трэба зімой насыпаць у кармушку сланечнікавых семак. Сюды хутка наведаецца вялікая сініца. Яна пакаштуе семкі і запросіць сябровак. Потым прыляціць сіняя сініца з блакітнай шапачкай на галаве. Калі ласунак спадабаецца, яна пакліча бурагаловую сініцу…\\ А назаўтра – смела адпраўляйцеся ў вандроўку, каб пазнаёміцца з астатнімі сястрыцамі. Яны пакажуць вам рэмезаву рукавічку, але наўрад ці вы зможаце яе надзець. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-суніцы]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]]