~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Баравік &keywords = кошык, белыя, растуць, грыбнік, грыбны, колер, баравікі &abstract = Апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Баравік" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Баравік ====== Такое ўжо шчасце грыбніка: чым у руцэ цяжэйшы кошык, тым яму лягчэй і весялей. Імжыць над лесам дожджык, а вопытны грыбнік не ўцякае дахаты. Ходзіць паміж дрэў і паціху напявае: А грыб-грыбавік,\\ Што пад дубам баравік,\\ Над грыбамі палкавік:\\ Загадаў усім грыбам\\ На вайну ісці! Слухаецца маленькі грыбны народ свайго камандзіра. Зноў атакуюць кошык лісічкі, а за лісічкамі – сыраежкі і грузды, чорныя і белыя. Толькі паспявай адбіваць паклоны.\\ А што сам баравік-палкавік, знакаміты грыбны ўладар? Ён не спяшаецца ў палон, моўчкі цікуе за табой з непрыкметнай схованкі, прыглядаецца, ці ты ўважлівы і пільны. Быццам строгі экзамен прымае: як завуцца белыя грыбы-браты? Хто за кім і дзе ўладарыць у грыбным царстве?..\\ Дык слухайце і запамінайце – потым вам прыдасца гэтая навука.\\ Першыя ў чэрвені з’яўляюцца каласавікі – яны растуць, калі цвіце-красуе жыта.\\ Потым разам з пачаткам жніва ў барах высыпаюць жніўнікі.\\ А восенню, у верасні і кастрычніку, калі ападае лісце, грыбнікоў радуюць крамяныя лістападнікі.\\ Усе яны родныя браты, хоць растуць у розныя поры года і непадобныя адзін да аднаго. І колерам капялюшыка, і памерам ножкі-карэньчыка.\\ Самыя раннія белыя грыбы, як інакш называюць баравікі, сустракаюцца ў дубровах. Капялюшыкі і ножкі дубровікаў пафарбаваны ў светлы колер.\\ У бярозавых гаях растуць каржакаватыя баравікі з самавітымі карычневымі капелюшамі.\\ У яловым лесе, сярод бруснічніку і шапак моху, ад людскога вока хаваюцца самыя высокія з братоў-уладароў.\\ А ў сасновым бары гаспадараць баравікі-чорнагаловікі.\\ Вось бачыце, які выбар – на любы густ. І які б ні цяжкі быў кошык, трэба заўсёды помніць: «Грыбнік без баравіка – што салдат без медаля». ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]]