~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Бабёр &keywords = бабры, галлё, бабравіны, футра, хатка, возера, рэчка, запруда, кара &abstract = Апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Бабёр" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Бабёр ====== Каб нікога не пакрыўдзіць, скажу адразу: усе дзікія жывёлы цікавыя і адметныя. Адны – сваімі дзівоснымі ўборамі, другія – выдатнымі спевамі, трэція – таямнічымі павадкамі, а рачныя бабры – славутыя майстры. У старажытнасці на зямлі нашай дзейнічаў мудры закон: каля бабравіны нельга было касіць сена, араць зямлю і секчы дрэвы. Так людзі шанавалі гэтых звяркоў за каштоўнае футра.\\ Бабрыная хатка стаіць на беразе рэчкі ці возера. Яна зроблена з ламачча, але ў сярэдзіну не трапіш, бо галлё моцна пераплецена. Побач пракапаны хады, праз якія гаспадары носяць сабе харчы або ўцякаюць ад ворагаў. Вясной бабрыха нараджае ў хатцы маленькіх бабранят.\\ «Дабёр бабёр, бабраняты на падбор!» – так пра іх кажа прымаўка-нявымаўка.\\ Калі ў летнюю спёку рэчка абмялее, бабры будуюць запруду. Людзям на паўгода хапіла б работы, а гэтыя звяркі спраўляюцца за тыдзень. Спачатку яны знаходзяць тоўстую асіну ці алешыну. Для старога бабра – гэта не замінка, яго зубам паддаецца любая драўніна. Звярок грызе дрэва, пакуль яно не зваліцца ў ваду. Потым на падмогу прыходзяць маладыя бабры. Яны падгрызаюць галінкі, а бацькі цягаюць галлё і мацуюць да запруды. Падсілкуюцца свежай карой і далей робяць плаціну, кожную шчылінку затыкаюць.\\ Праз некалькі дзён абмялелая рэчка выходзіць з берагоў І ператвараецца ў вялікае возера. Баброва хатка стаіць пасярод вады, як непрыступная крэпасць. Побач ахвотна селяцца андатры, выдры і норкі, бо каля бабравіны ім заўсёды хапае спажывы.\\ Мінае восень, настае зіма. У сцюдзёныя дні бабры грызуць назапашанае галлё і кару. Яны апранутыя у цёплыя кажушкі, але на мароз не вытыркаюцца. Напэўна, баяцца адмарозіць лапы і хвост, для якіх не хапіла футра. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]]