~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Атаман-барабан &keywords = атаман, сабака, гусі, аладку, атаманам, карыта, гусак, кінуў, мароз &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Атаман-барабан" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Атаман-барабан ====== \\ Атаман – вялікі, з чорнаю калматаю поўсцю сабака. Адно вуха тырчком, другое вісіць. Жыве ён за хлявом, у пустой жалезнай бочцы. Дзед Зміцер напхаў у бочку саломы, Атаман выскуб у саломе нару – вось і гатова жытло. Дождж не залівае, мароз не страшны. Хіба ўлетку надта горача, але ў спёку няблага і ў цяньку пад яблыняй.\\ З Атаманам я хутка пасябраваў. Узяў тры аладкі і пайшоў за хлеў. Сабака, убачыўшы ў маёй руцэ пачастунак, радасна загрымеў ланцугом. Кінуў яму аладку – клац! – і каб хоць аблізнуўся. Яшчэ давай! Кінуў другую аладку – Атаман зноў не прамахнуўся. Толькі хвастом, як мятлою, махнуў, маўляў, дзякуй. А трэцюю аладку сабака хапнуў у мяне з рукі. I так далікатна, нібы пірожнае.\\ Атаман не брахаў абы брахаць. Затое калі падаваў голас, дык уся вёска чула: бухаў, быццам барабан. Жыццё на ланцугу – не салодкае, таму праз некалькі дзён Атаман стаў маім верным спадарожнікам, куды б я ні ішоў. Я быў не супраць нашага сяброўства і з ахвотаю дзяліўся апошнім кавалкам хлеба. Часцей за ўсё мы хадзілі на далёкае лясное возера. Дамоў ніколі не вярталіся без шчупакоў ці акунёў. Зімовы дзянёк – што камаровы насок. Адразу пасля палудня пачынае сутоніцца. Потым незаўважна ўсё навокал ахутваюць прыцемкі... Туды-сюды павярнуўся – ужо ноч навалілася. Цёмная, глухая, маўклівая. А да вёскі ажно шэсць кіламетраў яшчэ тарабаніць. Ды ўсё па лесе... Ці мала цяпер галоднага звера блукае? Можа, вунь на тым агромністым суку, што звісае над сцежкай, затаілася лютая рысь? А калі раптам аб’явіцца ваўчыная зграя?!\\ Ды што нам шэрая разбойніца. Гэта баязліўцам кожны корч мядзведзем здаецца. А мы з Атаманам і самому мядзведзю хвост накруцім.\\ – Праўда, Атаман? – пытаўся я ў свайго прыяцеля, які бег наперадзе мяне.\\ I чуў упэўненае ў адказ: «Ага-гаў-гаў!..»\\ Словам, я ні кропелькі не сумняваўся, што мой Атаман – над усімі сабакамі атаман, нікога і нічога не баіцца.\\ Аднойчы я вярнуўся з лесу завідна. Баба Анюта якраз карміла курэй і гусей, але кудысьці адлучылася. Атаман заляцеў на надворак і, распалохаўшы курынае войска, прыпаў да карыта з цестам. Потым крутнуўся да другога карыта, каля якога валюхаліся гусі. Гусі – не куры, на паўвёскі паднялі лямант. Атаман, ле зважаючы на звягу, хапатліва налягаў на цеста. I раптам ён перастаў есці, уздыбіў на загрыўку поўсць. Проста на сабаку, выцягнуўшы доўгую, падобную на гадзюку, шыю, наступаў гусак. Чырвоная шышка на дзюбе ваяўніча гарыць, крылы ўбакі растапыраны... Здаецца, вось-вось наляціць, затопча, змяшае з зямлёю!\\ У Атамана ад здзіўлення абвіслае вуха паднялося: «Што за дзіва? Адкуль такі герой?»\\ А гусак усё наступае і так страхатліва сыкае, шыпіць, аж самога мяне за спіну быццам мароз хапануў.\\ Тым часам сабака падціснуў хвост і – бокам, бокам – далей ад карыта. Затым крадком зіркнуў на мяне і джыгануў за хлеў.\\ – Га-га-га! Га-га-га! – пераможна зарагаталі гусі. А мацней за ўсіх, ганарліва выцягнуўшы ўгору шыю, трубіў перамогу гусак. Я ж стаяў як укопаны і гатоў быў ад сораму скрозь зямлю праваліцца. Мо з тыдзень не мог дараваць Атаману ганьбу. Пасля зноў пачаў браць з сабою ў вандроўкі. Удваіх весялей. Няхай сабе і з Барабанам – называць сабаку Атаманам у мяне не паварочваўся язык. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]]