~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Сон-трава &keywords = сон-траву, карону, рыдан, барах, карона, прынесці, разрыў-траву, палаца, загадалі, сон-травы, скарбец &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіміраа Ягоўдзіка "Сон-трава" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Сон-трава ====== \\ У старадаўняй легендзе расказваецца...\\ Калісьці даўным-даўно сярод цёмных бароў на высокім пагорку стаяў палац слаўнага ўладара Рыдана. Шмат багацця меў Рыдан, а найвялікшым ягоным скарбам была схаваная за дванаццаццю дзвярамі, замкнутая на дванаццаць замкоў залатая карона, аздобленая камянямі-самацветамі. Калі Рыдан надзяваў гэтую карону на галаву і выходзіў з палаца, дык ноч станавілася днём, а зіма ператваралася ў лета.\\ Суседнія князі-магнаты зайздросцілі Рыдану і згаварыліся ўкрасці карону. Паклікалі да сябе самых знакамітых ведзьмакоў-варажбітоў і загадалі ім прыдумаць, як залезці ў Рыданаў скарбец. Тры дні і тры ночы думалі ведзьмакі. Нарэшце прыдумалі разрыў-траву, што адчыняла любыя дзверы. Потым загадалі прынесці з лесу сон-траву... Аддалі пучкі абедзвюх траў наймітам-зладзеям і паслалі іх па залатую Рыданаву карону.\\ Падкраліся зладзеі да Рыданавага палаца, кінулі пад ногі варце сон-траву – і вартавыя ўсе як адзін заснулі. Потым дакрануліся разрыў-травою да дзвярэй – і скарбец адчыніўся. Схапілі дзівосную карону ліхадзеі і ўцяклі.\\ З таго часу ніхто не ведае, дзе знаходзіцца Рыданава карона. I пра вядзьмарскую разрыў-траву таксама больш нічагуткі не чуваць. А вось чароўную сон-траву можна пабачыць сваімі вачыма. Нават у нашы дні. Яна зацвітае вясною ў сасновых барах, часцей за усё на сонечных палянах, уздоўж лясных дарог і сцежак. Цёмна-фіялетавыя, надзвычай прыгожыя кветкі сон-травы падобныя на цюльпаны, толькі драбнейшыя і далікатнейшыя.\\ Сцяблінкі, што трымаюць званочкі, быццам ахутаны серабрыстымі пушынкамі. Убачыўшы такое казачнае хараство, міжволі спынішся і залюбуешся.\\ Не спяшайцеся рваць сон-траву, каб прынесці яе дахаты. Не так ужо і часта сустракаецца яна ў нашых барах і пушчах. Бывалыя людзі – леснікі і паляўнічыя – сцвярджаюць, што нават ад маленькага букета сон-травы адольвае санлівасць. Навокал будзе цвісці і звінець, бадай, самае цудоўнае з усіх святаў – свята вясны. Аднак яно вас абміне, калі не запомніце маю параду. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]] * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-суніцы]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-зязюліны-панчошкі]]