~~META: title = Уладзімір Ягоўдзік — Зязюліны панчошкі &keywords = панчошкі, зязюля, птушкі, князя, вясны, лётае, шукала, птушынага, адпачыць, вузельчык &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіміра Ягоўдзіка "Зязюліны панчошкі" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Ягоўдзік — Зязюліны панчошкі ====== \\ Пэўна, вы чулі пра птушынага князя Кука. Калісьці ён жыў у нас на Беларусі і нікому не даваў у крыўду вясёлы крылаты народ. Але аднойчы здарылася бяда: князь Кук кудысьці прапаў. Пагаравалі, пашчабяталі сумна птахі і згаварыліся шукаць свайго заступніка. А якраз была вясна: трэба гнёзды будаваць, птушанят выседжваць. Няма ахвотнікаў неадкладна выправіцца ў пошукі. Папрасілі зязюлю. Нават паабяцалі яе дзетак гадаваць. Зязюля падумала-падумала і згадзілася. Давай развітвацца яна, аж тут птушкі падаюць ёй нейкі вузельчык.\\ – Што гэта? – спыталася зязюля.\\ – Панчохі... – адказваюць ёй птушкі.\\ – А навошта яны мне? – моцна здзівілася зязюля.\\ – Табе – каб цяплей у ножкі было, – тлумачаць ёй птушкі, – а нам – каб ведаць, што ты не адпачывала на галінцы, а папраўдзе шукала Кука. Калі ж стомішся, прысядзеш адпачыць, не забудзься, памяняй панчошкі. Але тыя, што зняла, з сабою не бяры, пакладзі пад кусцік або дрэва. Хтосьці з нас абавязкова ўбачыць, што ты была ў гэтай мясціне і шукала добрага князя...\\ Узяла вузельчык зязюля і падалася ў дарогу. З таго часу лётае яна па лясах і гукае птушынага князя:\\ – Ку-ку! Ку-ку!..\\ I дзень лётае, і другі – не адклікаецца Кук. Прысядзе адпачыць, памяняе панчошкі і далей спяшаецца. А з пакінутых ёю панчошак у канцы вясны вырастаюць дзівосныя кветкі, падобныя і на сонечныя панчошкі, і на звязаныя залатыя ключыкі. У нашы дні іх яшчэ інакш называюць прымулай або веснавым першацветам.\\ Зязюльчыны панчошкі – надзвычай прыгожая і вельмі каштоўная лекавая раслінка. У даўніну людзі верылі, што яна лечыць амаль ад усіх хваробаў. Так яно і ёсць. Нездарма лясную госцю можна ўбачыць і пад вокнамі хатаў. Чалавек, які беражэ зязюліны панчошкі, ніколі не прапусціць свята вясны, не пакрыўдзіць птушак і звяроў, яму заўсёды адчынены дзверы ў Краіну Казак. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>нясвіжскі-палац]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-вялікая-сініца-і-яе-с]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-суніцы]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзіміра-ягоўдзік-сон-трава]] * [[творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-жабіны-вочкі]]