Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-караткевіч:уладзімір-караткевіч-чазенія-гдз

Гэта старая версія дакумента!


Уладзімір Караткевіч — Чазенія — ГДЗ

1. Задума напісаць твор пра мужных людзей, пра першабытную прыроду з’явілася ў пісьменніка падчас наведвання ў 1965 г. Далёкага Усходу і Прыморскага краю. Пісьменнік адзначаў, што штуршком для напісання аповесці сталі ўражанні, атрыманыя падчас паездкі, а героі яго аповесці маюць рэальных прататыпаў. Не апошнюю ролю ў задуме гэтага твора адыграла і трагедыя ў Хірасіме, а наперадзе быў Чарнобыль.

2. У аповесці «Чазенія» аўтар уздымае маральна-этычныя, экалагічныя і філасофскія праблемы. Ён даследуе праблему чалавечых узаемаадносін, адносін чалавека да прыроды, да навукова-тэхнічнага прагрэсу, гаворыць пра пачуццё абавязку і маральнага выбару.
Узнятыя Уладзімірам Караткевічам праблемы вызначаюць і літаратуразнаўцы. Напрыклад, А. Русецкі гаворыць, што ў творы «б'ецца неспакойная, трывожная думка нашага сучасніка пра будучае чалавецтва, пра адказнасць за асобу, за кожнага чалавека, за грамадства і цывілізацыю»'. Польскі даследчык Ф. Няўважны лічыць, што аповесць «Чазенія» — гэта твор «пра сілу жыцця, трываласць дружбы, пра сілу кахання і спачування, магутнасць дабра, чалавечнасці і праўды, што выяўлена не толькі ў вобразах галоўных герояў, іхніх сяброў, але таксама ў з’явах прыроды, якая выступае тут, хто ведае, ці не галоўным героем і паказчыкам прагрэсу». Даследчык Г.С. Гарадко адзначае, што У. Караткевіч вырашае ўзнятыя праблемы «не проста на аснове асабістых узаемаадносін герояў, а галоўным чынам праз адносіны персанажаў твора да гэтых праблем». А. Мальдзіс сцвярджае: «Чазенія» — гэта ўзнёслы гімн першабытнай далёкаўсходняй прыродзе, Усурыйскай тайзе«.
3. Асноўная роля ў вырашэнні ўзнятых аўтарам праблем адводзіцца галоўнаму герою Севярыну Будрысу. Ён служыць навукова-тэхнічнаму прагрэсу: з захапленнем займаецца фізікай і дасягнуў у гэтай галіне значных поспехаў. Але толькі навука не задавальняе маладога таленавітага вучонага. Ён час ад часу пачынае адчуваць незадавальненне сваёй працай і перажывае «дзіўнае адчуванне непатрэбнасці і нават шкоднасці сваёй працы і сваёй навукі». Герой усведамляе, што навуковыя адкрыцці робяцца дзеля карысці чалавека, але могуць прывесці да катастроф і чалавечых ахвяр. Каб пазбавіцца пачуцця стомы, пустаты і расчаравання і зарадзіцца новай энергіяй для далейшага жыцця, герой пакідае сваю справу і ў пошуках сябе новага апынаецца ў прыморскім запаведніку «Тыгравая падзь». Сустрэча з Гражынай Арсайла, якая ў творы ўвасабляе адзінства чалавека з навакольным светам, і каханне да яе вяртае герою радасць жыцця і абуджае цікавасць да любімай работы. Разрыў герояў немінучы: «I пакуль што Будрыс перарабіць нічога не можа».
4. Экалагічная праблема ў творы раскрываецца ў асноўным праз вобраз Гражыны Арсайла, якая не прымае ўмяшання чалавека ў свет прыроды. Гераіня па прафесіі біёлаг, ведае назву кожнай таежнай расліны, добра знаёма і з жывёльным светам. Для яе непрымальна грубае ўмяшанне чалавека ў свет прыроды: «Не люблю «ўладароў», «пакарыцеляў», не люблю «гаспадароў жыцця». Гаспадарыце над гэтым няшчасным жыццём. Паны. Двухногае наканаванне. Эксперыментатары над жывым… Не магу глядзець на іх…«
Гражына не аддзельная ад прыроды. Яна — «сама як захад, сама як лістота, сама як добрае паветра, якое не заўважаеш, але без якога немагчыма жыць» — увасабляе сабою арганічнае адзінства чалавека з навакольным светам.
5. Аўтар назваў свой твор «Чазенія», паколькі быў уражаны жыццястойкасцю і самаахвярнасцю далёкаўсходняга дрэва чазенія. Яно пры поўнай адсутнасці спрыяльных умоў, фактычна на камянях, пышна раскідала свой султан драбналістых галін там, дзе іншыя б дрэвы загінулі. «А гэтае расло, немаведама адкуль чэрпаючы сокі на тое, каб выгнаць у неба ствалы такой вышыні і прыгажосці». Яно расце, прабіваючы каранямі цвёрды грунт, і дае «магчымасць для жыцця іншым раслінам, хоць само гіне». У творы назва набывае сімвалічны сэнс: прызначэнне чалавека, яго апраўданне існавання на зямлі аўтар бачыць у служэнні іншым людзям, у «пладаносным самаахвярным пачатку».
6. Асобныя даследчыкі вызначаюць жанр «Чазеніі» як «аповесці рамантызаванай, паэтычнай і дынамічнай» (С. Андраюк). Іншыя лічаць яе «паэмай у прозе, дзе спалучаны лірыка-рамантычны пачатак з эпічным дзеяннем» (А. Русецкі, Ф. Няўважны).
7. У аповесці Караткевіч сцвярджае, што кожны чалавек павінен берагчы ў сваёй душы любоў да прыроды і чалавека як яе часткі, развіваць пачуццё абавязку перад зямлёй, прыродай і самім сабою; цвёрда ведаць сваё прызначэнне на зямлі і заўсёды памятаць, што ты чалавек, разумны і маральна выхаваны.
8. Фінал твора прымушае чытача задумацца над праблемай «прырода і навукова-тэхнічны прагрэс». Як павінен чалавек будаваць сваё далейшае жыццё? Што трэба зрабіць, каб карыстацца вынікамі навукова-тэхнічнага прагрэсу і ў той жа час захаваць прыроду, тую крыніцу, адкуль чалавек чэрпае сілы для шчаслівага жыцця? А можа, ёсць неабходнасць адмовіцца ад навуковых дасягненняў на карысць першабытнай прыроды? На гэтыя і іншыя пытанні кожны з нас спрабуе даць адказ у час роздуму над фіналам твора.

Падобныя старонкі

творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-чазенія-гдз.1755964426.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki