~~META: title = Уладзімір Караткевіч — Цыганскі кароль &keywords = Караткевіч, цыганскі, кароль &abstract = Чытаць кароткі змест аповесці "Цыганскі кароль" Уладзіміра Караткевіча &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Караткевіч — Цыганскі кароль ====== Патрыятызм, рамантычнае светаўспрыманне, вольны палёт фантазіі, адчуванне глыбіні, шырыні і багацця народнага жыцця сталі вызначальнымі рысамі творчасці [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]]. Ён пісаў страсна і зацікаўлена, па-свойму глядзеў на падзеі, звяртаўся не толькі да значных, істотных, але часам і да кур'ёзных момантаў айчыннай гісторыі. Напрыклад, у гумарыстычна-сатырычнай аповесці "Цыганскі кароль" (1958) закрануў факт існавання ў канцы XVIII стагоддзя на Гродзеншчыне цыганскага "каралеўства".\\ Матэрыялы для аповесці ўзяў з [[слоўнік/нарыс|нарыса]] Адама Кіркора "Народнасці Літоўскага Палесся і іхняе жыццё", змешчанага ў трэцім томе "Живописной России" за 1882 год, і напоўніў іх рэаліямі тагачаснага жыцця, смешным і гарэзлівымі, пацешнымі і трагічнымі, вясёлымі і сумнымі. Сакавітымі, у духу "фламандскай школы", фарбамі малюе стравы і гулянкі ў "палацы" Якуба Знамяроўскага, каларытна, у гумарыстычна-гратэскавым плане, падае сцэны адной "з самых славутых войнаў, якія вёў кароль Яку б Першы".\\ Пісьменнік не толькі з'едліва характарызуе цыганскае "каралеўства", выкрывае недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважае пра гістарычны лёс Беларусі, закранае істотныя пытанні сацыяльна-грамадскага і нацыянальнага быцця. Паказальныя ў гэтым выпадку словы медыкуса: "Не краіна, а плод шалёнай фантазіі бога... Не грамада, а авечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі... I хоць бы дзе агеньчык! Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп". Медыкус — гэта alter ego аўтара. Ягоныя выказванні прасякнуты трывогай і болем за родны край, напоўнены шматзначным сэнсам: "На нашай зямлі дрэнна жывецца вучоным, асабліва калі яны беларусы", "мы — гной пад нагамі чужынцаў".\\ Медыкус асуджае рэнегацтва шляхты, лічыць, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты. I разам з тым кажа пра веліч свайго народа, верыць у яго вызваленне, у яго духоўныя і стваральныя сілы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-кніганошы-гдз]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-чазенія-гдз]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-кніганошы]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-лісце-каштанаў]]