Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-караткевіч:уладзімір-караткевіч-о-вясна-таполі-свец

Гэта старая версія дакумента!


Уладзімір Караткевіч — О вясна! Таполі! Свеце мілы!

О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака!
Вечар зацяпліў бярозак свечы.
Я адзін. Ты не памёрла, не.
Мой забыты, мой апошні светач,
Ты ў чужым акне, а не ў труне.
Як магла застацца ты ў кайданах?
Як магла адмовіцца пайсці
Да палян, дзе месяц закаханы
Песні “сноў” блакітныя ўзрасціў?
Пэўна, я турму не здолеў тую
Гнеўнаю пагардай скалануць,
Дзе цябе цалуюць, як катуюць,
І ўладарна лашчаць, быццам б’юць.
Вей тваіх, плячэй тваіх пахілых
Болей не кране мая рука…
Над сусветам залатыя крылы
Маладога звонкага шпака.
Клічуць лебедзі ў начы вясенняй,
Кідаючы поўдзень салаўям,
І разліў шырокі, і натхненне,
Як любоў забытая мая.
І няма ў душы маёй праклёнаў,
І няма на веях цяжкіх слёз…
Заставайся ў клетцы залачонай –
Ты сама абрала гэты лёс.
Над кахання нашага магілай,
Што загубіцца ў былых вяках,
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.

Падобныя старонкі

  • уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-лісце-каштанаў
  • уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча
  • максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян
  • таполя
  • таполя-4071
творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-о-вясна-таполі-свец.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki