~~META: title = Уладзімір Караткевіч — О вясна! Таполі! Свеце мілы! &keywords = Караткевіч, вясна, таполі, мілы &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Караткевіча "О вясна! Таполі! Свеце мілы!" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Караткевіч — О вясна! Таполі! Свеце мілы! ====== О вясна! Таполі! Свеце мілы!\\ Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!\\ Залатая падаплёка крылаў\\ Маладога звонкага шпака!\\ Вечар зацяпліў бярозак свечы.\\ Я адзін. Ты не памёрла, не.\\ Мой забыты, мой апошні светач,\\ Ты ў чужым акне, а не ў труне.\\ Як магла застацца ты ў кайданах?\\ Як магла адмовіцца пайсці\\ Да палян, дзе месяц закаханы\\ Песні “сноў” блакітныя ўзрасціў?\\ Пэўна, я турму не здолеў тую\\ Гнеўнаю пагардай скалануць,\\ Дзе цябе цалуюць, як катуюць,\\ І ўладарна лашчаць, быццам б’юць.\\ Вей тваіх, плячэй тваіх пахілых\\ Болей не кране мая рука...\\ Над сусветам залатыя крылы\\ Маладога звонкага шпака.\\ Клічуць лебедзі ў начы вясенняй,\\ Кідаючы поўдзень салаўям,\\ І разліў шырокі, і натхненне,\\ Як любоў забытая мая.\\ І няма ў душы маёй праклёнаў,\\ І няма на веях цяжкіх слёз...\\ Заставайся ў клетцы залачонай –\\ Ты сама абрала гэты лёс.\\ Над кахання нашага магілай,\\ Што загубіцца ў былых вяках,\\ Залатая падаплёка крылаў\\ Маладога звонкага шпака. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-лісце-каштанаў]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча]] * [[творы/максім-танк/ідэйны-змест-паэмы-максіма-танка-люцыян]] * [[ibdc.ped>таполя]] * [[ibdc.ped>таполя-4071]]