~~META: title = Уладзімір Караткевіч — Кастусь Каліноўскі &keywords = Караткевіч, Кастусь, Каліноўскі, Заруба &abstract = Ідэйны змест п'есы Уладзіміра Караткевіча "Кастусь Каліноўскі" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Караткевіч — Кастусь Каліноўскі ====== Справа змагароў неўміручая. Пра гэта сведчыць п'еса драматургічнага цыкла [[творы/уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча|Уладзіміра Караткевіча]] "Кастусь Каліноўскі".\\ Тут мы назіраем наступнае: шматгалосы, падрыхтаваны да дзеянняў людскі натоўп у масавых сцэнах і рамантызаваны, прыўзняты над натоўпам вобраз правадыра. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863 -1864 гадоў, публіцыст і паэт, палітык і ваяр, Кастусь Каліноўскі не проста вядзе да змагання ўзбунтаваную людскую грамаду, але кіруецца інтарэсамі цэлага народа, нацыі беларусаў.\\ Сялянскі рух паказваецца Уладзімірам Караткевічам без штучнай ідэалізацыі, у многім супярэчлівы і хаатычны. Момант ірацыяналізму прысутнічае ў наіўнай сялянскай веры ў "добрага цара". Паверыўшы ў тое, што паўстанцы імкнуцца схаваць ад народа падараваную царом волю, ізноў загнаць народ у прыгон, сяляне гатовы ўзняць зброю супраць паўстанцаў.\\ У першай сцэне п'есы мужыкі з Бахарэвічаў знаходзяцца за "паважным" заняткам: рыхтуюцца адцяць галовы захопленым паўстанцам - за тое, што яны нібыта хаваюць ад сялян "царскую міласць".\\ Словы Каліноўскага, звернутыя да сялян, пераконваюць іх у адваротным. Вядома, такі хуткі паварот падзей можа быць толькі ў творы, у якім рамантычныя элементы спалучаюцца з рэалістычнымі. Гэты эпізод пераконвае ў неабходнасці асветніцтва як абавязковай часткі нацыянальнага руху, панацэі ад ірацыяналізму масавай свядомасці, адзінага спосабу змагання з цямнотай, марнымі ілюзіямі. Шмат што залежыць і ад самой асобы асветніка.\\ Кастусю Каліноўскаму, аўтару славутай [[творы/іншае/кастусь-каліноўскі-мужыцкая-праўда|"Мужыцкай праўды"]], удалося тое, што не заўсёды было пад сілу некаторым інтэлігентам-дэмакратам сярэдзіны XIX стагоддзя, - патлумачыць мэту паўстання, выкласці асновы сваёй палітычнай праграмы ў зразумелай форме, заваяваць давер сялянства, прыцягнуць яго да ўдзелу ў супраціве.\\ Прамень рамантычнага святла, накіраванага на вобраз Каліноўскага, трапляе і на сялян. Мужыкі з Бахарэвічаў гатовы ісці ў паўстанні да канца, не губляючы чалавечай годнасці, прыняць лютую кару ад рук царскіх жаўнераў.\\ Характэрныя беларускія рысы, уласцівыя вобразу Каліноўскага, перадаюцца і астатнім персанажам. Некаторыя ж якасці якраз ярчэй высвечваюцца праз вобразы прадстаўнікоў сялянства, "аратых". Гэта - народны гумар, самаіронія.\\ Мужыкі цягнуць на плаху збяднелага шляхціца Зарубу, які для іх таксама "пан", а значыць, вораг. Але пад пагрозаю смерці гэты ганарлівы панок, "фанфарон-рыцар", пачынае сыпаць досціпамі, па-народнаму хлёсткімі, часам грубаватымі, высмейвае і сваіх мучыцеляў, і сваё незайздроснае становішча:\\ "З а р у б а. ...Гэй вы, мякінныя галовы, гродзенскія гракі, бручкаеды, бульбаглоты, глядзіце, як памірае беларускі дваранін, тысячу д'яблаў і пудовую свечку кожнаму з вас...\\ Рогат.\\ Г а р э л і х а. Чаго ж ты лаіссі, чаго?!\\ З а р у б а. З вамі іначай - як? Вы ж, халеры, і памерці як я, не сумееце.\\ Я ў х і м. Заторкніся!..\\ З а р у б а. Гэта часам не ты, Яўхім, сваю варону ў Вільні пазнаў?\\ Я ў х і м і х а. Не руш мужыка!\\ З а р у б а. Гэта часам не ты па бабскім сваім разуменні свінню за губернатара палічыла?\\ Рогат.\\ І ці не ты гэта, Гарэліха, на ўвесь вялікі пост пеўня ад курэй адсаджвала, каб не грашыў, а потым здзіўлялася, чаго гэта пад квактухай адны баўтуны?\\ Г а р э л і х а. Цьху!\\ Я ў х і м. Досыць.\\ Зарубу цягнуць да пня.\\ З а р у б а. І ці не вы гэта ўсе, скупеча ненажэрная, тэльбушына прагная, караля не еўшы спаць паклалі?.. (Перад плахай). Стой. Пусціце рукі. Глядзі, Беларусь, як паміраюць твае фанфароны-рыцары! Пляваць ім на гэтыя пасконныя пузы. Не баяліся каралёў - не збаімося кароў... Гэй, божа ласкавы, падрыхтуй там для свайго Зарубы кварту мёду ды пару грэшніц з пекла выпусці... Га? Як для пакутніка...\\ Сеў, абхапіў пень нагамі. Мужыкі з нейкім нават спачуваннем ляпаюць яго па спіне. Чуваць выгукі: "Нічога, хлопча"; "Не палохайся"; "Гэта ў нас хутка". Паспрабавалі нахіліць яму галаву.\\ Прэч! Я на калені не стаў. То і пню сам пакланюся. Лепей дубоваму пню, чым вам, пням стаяросавым.\\ К а с т у с ь. Чакайце, мужыкі!.. Чортаў Бацька, я вам гэтага чалавека не дам...".\\ Зарубу выратаваў ад смерці не толькі яго, зразумелы простаму чалавеку, гумар. Герой, які так дабрадушна і трапна жартуе перад пагрозай смерці, на думку Каліноўскага, не можа здрадзіць.\\ Сімпатыю сялян выклікае тое, што Заруба апантана любіць жыццё і Бацькаўшчыну, Беларусь. Любоў да Радзімы -універсальнае пачуццё, уласцівае кожнаму маральна здароваму чалавеку, незалежна ад яго сацыяльнага становішча. Заруба ж у вачах мужыкоў - "яблык, што з панскай яблыні ўпаў на мужыцкую ніву". У нечым ён нагадвае Гервасія Выліваху з аповесці [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-ладдзя-роспачы|"Ладдзя Роспачы"]], Юрася Братчыка з рамана [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-хрыстос-прызямліўся|"Хрыстос прызямліўся ў Гародні"]] - амбівалентных, гэта значыць шматвартасных герояў, у якіх дзіўным чынам спалучаюцца блюзнерства і вера, прыземленае і высокае.\\ У сцэне з панам Зарубам пераважае рамантычны спосаб паказу, але у ёй праглядаецца і адна значная псіхалагічная акалічнасць, уласцівая рэальнай асобе Кастуся Каліноўскага. Гэта -давер'е, амаль бясконцае і згубнае для героя ў тых абставінах. Ён не памыліўся ў Зарубе, але залішне даверыўся Вітаўту Парфіяновічу, які, мяркуе аўтар, стаў здраднікам.\\ У гэтым творы [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзімір Караткевіч]], мажліва, больш настойліва пільнуецца прынцыпу кантрасту ў пабудове характараў. Па адзін бок змагання - беззаганныя, сонечныя натуры, сапраўдныя рыцары, па другі - беспрасветныя нягоднікі, каты, такія, як генерал Мураўёў або Гогель. Зрэшты, бескарыслівых, чыстых душой і памкненнямі герояў, можна сустрэць і ў апавядальных творах У. Караткевіча - гэта Алесь Загорскі з [[творы/уладзімір-караткевіч/-каласы-пад-сярпом-тваім-асноўныя-прабле|рамана "Каласы пад сярпом тваім"]], Андрэй Беларэцкі з [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-дзікае-паляванне-ка|"Дзікага палявання караля Стаха"]], Косміч з рамана [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-чорны-замак-альшанс|"Чорны замак Альшанскі"]]. Як, дарэчы, і змрочных, безнадзейных ліхадзеяў, носьбітаў метафізічнага зла.\\ І ў межах рамантычнага метаду гэта не з'яўляецца спрашчэннем, таму што героі Караткевіча, станоўчыя або адмоўныя, не губляюць сваёй самабытнасці, яркіх індывідуальных рысаў. Гэтая думка знаходзіць пацвярджэнне ў п'есе "Кастусь Каліноўскі", у дыялогу-спрэчцы, якую вядуць два антыподы - Кастусь і адзін з "крумкачоў", паручнік Гогель:\\ "Г о г е л ь. Вы тупы, вузкі артадокс... Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы...\\ К а с т у с ь. Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі... хаця чатыры класы гімназіі - вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. І гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы - проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь".\\ Рамантычная афарбоўка характараў у п'есе зусім не азначае і спрашчэння аўтарскай канцэпцыі. Менавіта ў гэтым творы філасофскае асэнсаванне гісторыі мае асаблівую заглыбленасць. Аўтар блізкі да таго, каб вынайсці своеасаблівую формулу гісторыі, вядома ж, суб'ектыўную, мастацкую. Яна ў шмат чым прасвятляе сэнс пакут, страт і ахвяр, якіх дастаткова ў гісторыі.\\ Пераадоленне смерці бачыцца драматургу ў непарыўнасці лініі, што злучае лёсы герояў-змагароў з розных эпох. У спрэчцы паміж Каліноўскім і Мураўёвым-вешальнікам гэты момант ісціны выказваецца ў ёмістай, афарыстычнай форме:\\ "М у р а ў ё ў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі - а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы - парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму што за нас - жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. І кожны раз льецца кроў. І гінуць лепшыя, а не горшыя. І пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў. (...)\\ У вас блакітная сонечная кроў. Вы - сапраўдны дваранін, рыцар - не тое што гэтыя вырадкі. І вы са сволаччу.\\ К а с т у с ь. Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае - гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да "сволачы"?\\ Паўза.\\ Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця... на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды".\\ Пройдзе няшмат часу - і стары рэвалюцыянер, удзельнік паўстання 1863 - 1864 гадоў Зыгмунд Чаховіч прачытае па памяці пранікнёныя радкі "Мужыцкай праўды". Ягоным слухачом будзе не хто іншы, як Янка Луцэвіч, герой [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-калыска-чатырох-чар|"Калыскі чатырох чараўніц"]]. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-чазенія-гдз]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-кніганошы]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-кніганошы-гдз]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-лісце-каштанаў]]