~~META: title = Уладзімір Караткевіч — Жабкі і Чарапаха &keywords = чарапаха, жабкі, словы, жабы, голасу, жаба, сумна, спявалі, добра, жалезная, галоўная, спяваеце &abstract = Чытаць казку Уладзіміра Караткевіча "Жабкі і Чарапаха" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Караткевіч — Жабкі і Чарапаха ====== На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам – вось яны і спявалі.\\ I тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі.\\ – Жабкі, жабкі, добры дзень.\\ – А ты што за цуда-юда? – спыталі жабкі.\\ – Я Чарапаха.\\ – Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць.\\ – Ды ёсць жа я, – сумна сказала Чарапаха. – I як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі.\\ – Можам, – сказалі ўлешчаныя жабкі. – Ку-ма, кума\\ Бор-ршчык вар-рыла. \\ – Выдатна, – сказала Чарапаха. – Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор.\\ – А ты спяваць умееш?\\ – Не. Я слухаць люблю.\\ – Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее.\\ – I яна не ўмее, – сумна сказала Чарапаха. – Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена.\\ – Дык нашто ты нам тады? – спыталі жабкі.\\ – А слухаць вас хто будзе? Хваліць.\\ – Нас і так усе чуюць. I ўсе хваляць.\\ – Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, – сказала добрая і разумная Чарапаха.\\ – Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? – спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці.\\ – Плаваць умею. Ныраць.\\ – Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш?\\ – Не, – уздыхнула Чарапаха.\\ – Нічога ты не ўмееш... А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне.\\ – Я замест яе яйкі нясу, – сказала Чарапаха. – Вялікія.\\ – Ф-фу, – сказала Галоўная, – яйкі... Ну, паспрабуй усё ж заспяваць.\\ I Чарапаха зарыпела: – Свеціць месячык з гары\\ На глыбокія віры.\\ На шчытах у чарапах\\ Сіняе святло гарыць. \\ – Словы нішто сабе, – сказалі жабы, – але голас? Бр-р-р!\\ – Дык я б вам – словы, а вы б – спявалі.\\ – Словы ў нас не горшыя. Самі прыдумалі: – Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?\\ Борш, бор-ршч, бур-ракі. \\ – Добрыя словы, – сказала Чарапаха, – але галасы ў вас лепшыя.\\ – I што гэта за «шчыты ў чарапах»? – спытала Галоўная Жаба.\\ – А вось тое, што на мне.\\ – Гэта карычневае? – усхваляваліся жабы. – Гэта брыдкае? Ну не. Мы вось такія прыгожыя. Зялёныя. Бліскучыя. Як лакіраваныя.\\ – Жывыя, – сказала Чарапаха, – усе прыгожыя.\\ – А чаму гэта брыда завецца шчытом? – спытала Маладзенькая Жабка.\\ – Яна цвёрдая.\\ – Няўжо-о? Во-ой! Быць не можа.\\ Самая смелая з жабак падплыла асцярожна і дакранулася да панцыра лапкай.\\ – Вой! Яна ж як жалезная!\\ – Ну і што? – сказала Чарапаха.\\ – Цвёрдая!.. Голасу не мае!\\ – Усё роўна вы мне падабаецеся. Спяваеце прыгожа. Мне адной сумна.\\ Але жабы ўжо разышліся.\\ – Жалезная жаба, – зарагатала самая насмешлівая.\\ – А мы мяккія жабкі. Зялёныя.\\ – Жалезная! Гы-гы-гы!\\ Чарапаха пачала крыўдаваць:\\ – Кожная жывёла – розная. А я – карысная.\\ – I мы кар-рысныя... А ў цябе голасу няма... Кар-рычневая...\\ – Жаба ў танку, – пажартавала насмешніца.\\ Пакрыўдзілася бедная Чарапаха, нырнула і паплыла ў пратоку, а пасля ў сваю азярынку. А жабы, гледзячы на яе бурбалкі, зноў завялі сваю валынку з катрынкай : – Бур-ракоў не было –\\ Бр-ручкі навар-рыла... \\ ...Ну і што? I ці добра гэта атрымалася? Тут сабе жабкі весела спяваюць дурныя словы добрымі галасамі. А там Чарапаха, што не мае голасу, але ведае добрыя словы, ляжыць сабе пад вадой, пад святлом месяца, пакрыўджаная і адна-адзінюсенькая.\\ I нашто, калі ты зялёны і мяккі, лаяць таго, хто карычневы і цвёрды? Ты вось ходзіш на дзвюх нагах, а кот – на чатырох. I няхай сабе.\\ Дрэнна вы зрабілі, жабы. Ану, марш адразу ж у Чарапахі прабачэння прасіць, перапрашаць яе! ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>сустрэча-з-падарожніцай]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-кніганошы]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-майстар]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-лісце-каштанаў]] * [[творы/уладзімір-караткевіч/творчасць-уладзіміра-караткевіча]]