~~META: title = Уладзімір Караткевіч — Беларуская песня &keywords = мова, край, ніколі, песня, кінем, радасны, бары-акіяны, нікому, песні, аўтар &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Караткевіча "Беларуская песня" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Караткевіч — Беларуская песня ====== Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,\\ Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,\\ Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.\\ Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,\\ Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...\\ Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца, Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.\\ Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,\\ Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў,\\ Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,\\ І бары-акіяны, і неба — разлівы ільноў.\\ Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі, Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,\\ Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,\\ А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.\\ Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі, Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,\\ А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,\\ Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.\\ Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,\\ Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.\\ Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,\\ Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.\\ Ты — наш край. Ты — чырвоная груша над дзедаўскім домам, Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,\\ Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому\\ Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць. Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі\\ І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.\\ Мы клянёмся табе, што ніколі,\\ Ніколі,\\ Ніколі,\\ Так,\\ Ніколі не кінем,\\ Не кінем,\\ Не кінем цябе. **Адказы на пытанні:** \\ 1. У вершы [[постаці/уладзімір-караткевіч|Уладзіміра Караткевіча]] "Беларуская песня" адчуваецца ўрачыстасць, узнёсласць, замілаванасць роднай старонкай.\\ 2. Аўтар паўтарае пытанне "Дзе мой край?". Адказ на гэта пытанне дапамагаюць знайсці геаграфічныя і гістарычныя сведкі аб тым, як і дзе стала пралягаць мяжа нашай дзяржавы з іншымі краінамі. Устойлівымі сімваламі нашай краіны, народнымі святынямі сталі Белавежская пушча, Наваградскія вежы, Сафійскі сабор над ракой Дзвіной, азёры, бары-акіяны, родная мова.\\ 3. Эпітэты: вечная песня, варожая кроў, высокія зоры, бары-акіяны, разлівы ільноў, асілкі-хлапцы, радасны сон, неўміручыя песні, гордая мова, чырвоная груша і інш.\\ Параўнанні: Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель, белы ветразь на сініх, як мора, азёрах, а мужчыны, як скалы, жанчыны, як радасны сон у стагах да зары, дзяўчаты, як дождж залаты, сівыя матулі, як жніўё з павуціннем, мая мова, булатны клінок.\\ 5. Аўтар заканчвае песню радкамі клятвы роднаму краю, каб падкрэсліць сваю грамадзянскую пазіцыю як паэта і як чалавека. Ён – патрыёт сваёй радзімы, які гатовы праслаўляць яе прасторы, які любіць і беражэ сваю нацыю і карані, захоўвае гісторыю і марыць пра лепшую будучыню для яе.\\ 6. [[слоўнік/памер-вершаваны|Памер]] верша – трохстопны [[слоўнік/анапест|анапест]]. Гэты вершаваны памер дапамагае стварыць інтанацыю пералічальную, сцвярджальную, урачыстую, узнёслую.\\ 7. [[слоўнік/ода|Ода]] – урачысты, узнёслы верш, хвалебная песня ў гонар важнай падзеі, з’явы, асобы. Верш Караткевіча можна назваць одай, бо тут ёсць яе прыкметы: аўтар усхваляе сваю родную старонку, яна мае выгляд песні, акрам гэтага тут назіраецца выкарыстанне высокай, кніжнай лексікі, алегорый. Велізарную ролю адыгрываюць інтанацыйна-сінтаксічныя сродкі: клічныя сказы і [[слоўнік/рытарычныя-фігуры|рытарычныя]] пытанні, [[слоўнік/інверсія|інверсіі]], незвычайныя сінтаксічныя канструкцыі.\\ Да твораў велічнага, узнёслага гучання, у якіх услаўляецца родная зямля, мова, песня можна аднесці вершы [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-мы-беларусы|Рыгора Барадуліна "Мы – беларусы"]], [[творы/максім-багдановіч/максім-багдановіч-маёвая-песня|Максіма Багдановіч "Маёвая песня"]]. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/песня]] * [[слоўнік/вясельныя-песні]] * [[слоўнік/восеньскія-песні]] * [[слоўнік/валачобныя-песні]] * [[творы/ян-чачот/ян-чачот-песні-і-балады]]