~~META: title = Уладзімір Караткевіч — Апошняя песня Дантэ &keywords = Караткевіч, песня, Дантэ &abstract = Чытаць верш (тэрцыну) Уладзіміра Караткевіча "Апошняя песня Дантэ" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Караткевіч — Апошняя песня Дантэ ====== //Арлену Кашкурэвічу// У пошуках за любай і адзінай,\\ Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі\\ Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім,\\ У нетры той нязведанай зямлі,\\ Дзе нават пекла ўлада асяклася,\\ Дзе павуціння д'яблы не плялі\\ На душы самых горшых, тых, што гасяць\\ У чалавеках праўду і любоў,\\ На душы, дзе кублом гадзюк сплялася\\ \\ Атрута вераломства. Злосць звяроў\\ Узнагарылася бы поруч з ёю...\\ І там пабачыў я бяздонны роў.\\ \\ Бязмежнаю варонкаю густою\\ Зрываўся ён ля самых нашых ног\\ У нетры зла. І гэтаю сцязёю\\ \\ Сам божы сын — і той прайсці б не змог.\\ Схіл абрываўся: стромы і смярдзючы,\\ Схіл зла і слёз, адчаю і трывог,\\ \\ Пакут і безнадзейнасці пякучай.\\ І нехта там варочаўся на дне,\\ Дарэмна поўз на ледзяныя кручы\\ \\ І ўніз зрываўся, грузны, як свінец.\\ Ў бяссільнай злосці, ў ярасці пакутах\\ Ён ланцугамі пачынаў звінець,\\ \\ Стагнаў і выў раз'юшана і люта,\\ І роў, як львы і гарпіі — адзін, —\\ Як быццам дэман там крычаў прыкуты\\ \\ Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін...\\ І я пабачыў, што вакол бязодні\\ Стаяў натоўп занураных мужчын.\\ \\ Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных.\\ Там быў мой брат з крывёю на губах,\\ Мой друг, апечаны агнём паходні.\\ \\ Распятыя на болю і дратах,\\ Яны вакол стаялі і чакалі,\\ Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках.\\ \\ Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі\\ Двухногіх нейкіх, тоўстых і худых,\\ Якія скавыталі і стагналі\\ \\ Аб літасці на розныя лады,\\ А ураган, імпэтны і імклівы,\\ Іх кідаў на адхон, на край, на льды.\\ \\ І вось тады натоўп людзей маўклівы,\\ Над прорваю схіліўшыся ніжэй,\\ На гэтых, што спаўзалі па абрыву,\\ \\ Стаў кідаць срэбных і цякучых змей.\\ І змеі іх кусалі ў вочы, ў карак,\\ У кіпці, што чапляліся за глей.\\ \\ Яны зрываліся. І там пачвара,\\ Ўздымаючыся змрочнай галавой,\\ Задыхала атрутнай, мерзлай парай\\ \\ І забурчэла з радасцю нямой.\\ І спадарожнік мне сказаў з трывогай:\\ "Горш сатаны царыца прорвы той.\\ \\ Яе адроддзе пазабыла бога\\ І, д'яблаў горш, пануе на зямлі,\\ У вёсках, гарадах і на дарогах.\\ \\ О справядлівасць, душы іх спалі!\\ Развей іх попел! Пракляні іх семя!\\ Да сотага калена спапялі!\\ \\ Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя\\ І зрынуць іх сюды, на дно, на дно,\\ На схілы прорвы, вострыя, як крэмень!\\ \\ Каб дзерла твары ім, як баразной,\\ Каб паспыталі многіх простых мукі,\\ І каб пачвара зжэрла гэты гной,\\ \\ Як змеянят сваіх жарэ гадзюка...\\ Хай згубіцца ў бяздонні іхні крык, –\\ І зацвітуць зямлі пакутнай лукі,\\ \\ І заплыве правал, як свет стары,\\ Бо здохне з голаду дракон-пачвара,\\ Бо злосць яго без паліва згарыць".\\ . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .\\ \\ Ён скончыў. І прадбачаннем кашмара\\ Я ў яме зведаў ворага майго...\\ Ты, вечная любоў мая і мара,\\ \\ Загінула ад подыху яго,\\ Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку,\\ Пакінуўшы мяне з маёй тугой.\\ \\ "Настаўнік, — я спытаў (нясцерпна-дзікай\\ Была здагадка. Я хацеў стагнаць), —\\ Хто там крычыць у ярасці вялікай?"\\ \\ І ён сказаў: "Не бачыш ты?\\ Вайна!" ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-о-не-ня-цёмным-воблакам-шп]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-восеньскія-тэрцыны]] * [[творы/алесь-салавей/алесь-салавей-мала]] * [[слоўнік/тэрцына]] * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-тэрцыны-пра-наручнікі]]