~~META: title = Уладзімір Жылка — Тастамент &keywords = Жылка, Тэстамент &abstract = Чытаць паэму "Тэстамент" Уладзіміра Жылкі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Жылка — Тастамент ====== **1** Няхай жыве крывіцкі люд!\\ Няхай квітнее край крывіцкі!\\ Я гэты свет убачыў тут\\ Дзіцём ля матчынае цыцкі\\ I рос, вясёлы шалапут,\\ З дзядоў, з прадзедаў сын мужыцкі,\\ На ёміне з яго палёў,\\ Здабытай з працы, з мазалёў. **2** Пад гэтым небам, так каханым,\\ Я пастушком ганяў у бор,\\ I тут, прыроды сын адданы,\\ Кунежны стаў яе сябёр.\\ Яна ж паглядам незраўнаным\\ Зірнула ў вочы мне ўсупор\\ I, сэрца ранячы вяскоўца,\\ ІІІапнула таямніцы слоўца. **3** Яно было пра тое, як\\ Прыгож бязмерна свет дзівосны,\\ Які жыцця зайздросны смак,\\ Як босы йдзеш па сцежках росных\\ I хлыне ў грудзі поўна так\\ Птушыны шчэбет шматгалосны,\\ Шырокі гоман гонкіх хвой\\ I неба сінь над галавой. **4** Якія раніцы я ведаў!\\ Якія ўсходы спатыкаў!..\\ ......................................... **5** I ўцяміў я (о, смех і плач!)\\ Паўней, чымся калі, й суцэльней,\\ Што я, малюсенькі таўкач, —\\ Быцця сусветнага удзельнік\\ I з’яў сусветных суглядач.\\ I вось і слодыч, і пякельня\\ Мяне палонілі ўсуцэль\\ I абвілі, як ліпу хмель. **6** Былі ў душы і шчасце, й млосць,\\ Бы лёгкі сон упаў на вейкі,\\ I я пабачыў прыгажосць,\\ Што па-над спевы салавейкі\\ Зачаравала маладосць.\\ I стаў я пець... Мае жалейкі\\ Звініць матыў, і кожны тон —\\ Сусветнай пекнаце уклон. **7** Мой край!.. Ужо малой дзяцінай\\ Паўнюткім радасці вядром\\ Адной шчасліваю гадзінай\\ Напіўся смагла я нагбом\\ Ад пекнаты яго жанчыннай,\\ I п’ян адвечным хараством,\\ I закаханы ў ім без меры, —\\ Там быў пачатак мае веры. **8** Яна была мне праз гады\\ Хлапцу і сталаму спамогай,\\ Хоць і губляў свае сляды\\ Я у завеях ветру злога,\\ Але сярод згрызот хады\\ Я ведаў, меў адну дарогу:\\ Яна, як промень да святла,\\ Да краю роднага вяла. **9** Усцяж свяціла мне нязгасна\\ Мая праводная звязда,\\ Таму ні мужнасць і ні яснасць\\ Не залілі слата й жуда.\\ Мая бясцэнная уласнасць —\\ Са мной мой край, яго бяда,\\ Са мной праз горы і каменні\\ Высачыня майго натхнення. **10** I мне здалося неаднойчы,\\ Што ў тайне радасных хвілін,\\ У момант паўнаты станоўчай\\ Ў маім узлонні быў зачын,\\ I зблытаў я, мой краю-войча,\\ Хто бацька быў, а хто быў сын,\\ I, поўны любасці вялікай,\\ Не ведаў, як яе мне клікаць. **11** I часта, бы ў дзівосным сне,\\ Я пачуваў под сэрцам ношу,\\ Чароўны голас да мяне,\\ Пачуццяў матчыных раскошу,\\ Трывогу ў сэрцы дзесь на дне,\\ I быў — пагодлівы, харошы! —\\ Мой край мне лёсам і жыццём,\\ Маім распешчаным дзіцём! **12** Няма за што на лёс мне плакаць,\\ Знайсці шчаслівейшы мне дзе б?\\ Бядняк, я быў багат, аднака,\\ Не знаў збытэчных я патрэб,\\ Зацірка мне была прысмакам,\\ І смачны быў разовы хлеб,\\ Хоць соляй, а не маслам тлуста\\ Была прыкрашана мне луста. **13** Мне хата з нізкаю страхой\\ Была мілей за ўсе палацы\\ I над пакоямі пакой.\\ Я тут вучыўся не паддацца\\ Галечы з нэндзай і бядой,\\ I тут пазнаў я радасць працы,\\ I атрымаў сталёвы гарт,\\ I стаў мужык, мужчына ўпарт. **14** На гонях бацькаўскіх далёкіх\\ Я ўчуў пад спелы жыта шум\\ Дзівосных сіл жывыя токі\\ І спеў, што я ў сабе нашу,\\ Зямных глыбінь густыя сокі\\ I з промняў сонечных душу.\\ I люб мне чалавек бясконца,\\ Высокі плод зямлі і сонца.\\ .........................................\\ ......................................... **15** Цяпер жа сілы сталі дрэнь,\\ Сівая ймгла мне засціць вочы,\\ I кліча ноч на свой пругмень,\\ I дні жыцця прыйшлі да ночы,\\ I хоць змагарна жыў я дзень,\\ I хоць яшчэ я светам крочу, —\\ Тугой выгнання збіты ўшчэнт,\\ Пішу я гэты тастамент. **16** З прыродай зліцца я гатоў,\\ Хай прыме дол худое цела,\\ Але прашу яе вятроў\\ Мой запавет, як плод даспелы,\\ Да родных данясці палёў,\\ I любасці, і боль знямелы\\ Хай рыне там у будні скрух\\ I жыватворны ўздыме дух. **17** Ўсім найдарожшым прысягаю —\\ Сваіх грахоў не утаю,\\ I любасць гэтую да краю,\\ I гнеў, і ненавісць сваю,\\ I што набыў, усё, што маю,\\ Што долю цешыла маю, —\\ Ўсе скарбы, ўсе свае багацці\\ I песні ўсе — крывіцкай хаце.\\ .........................................\\ ......................................... **18** Даруйце мне, людцы, цяжкія\\ А мімавольныя грахі,\\ Часы бяспутныя, ліхія\\ Не раз садзілі на штыхі.\\ Хто плыў ў раз’юшанай стыхіі,\\ Калі бушуе шквал ліхі, —\\ Той ведае, як хібы блізкі,\\ Як залівае човен хісткі! **19** I хто сягаў выходзіць з дому\\ За будны круг штодзённых праг,\\ Каму, няўтомнаму, вядомы\\ I чорнага прадоння жах,\\ I верхавіны гораў стромых,\\ Той, пэўна, скажа: — Цяжкі шлях\\ Яшчэ не ёсць яго памылка,\\ Ён нёс і жарсць і дух асілка!..\\ .........................................\\ ......................................... **20** Спявай, зямля, упіся сонцам,\\ Абмыйся чэрвеньскім дажджом,\\ Расці, пладзі, буяй бясконца,\\ Пладоў, зярнят насып каўшом.\\ Уцехай будзь маёй старонцы,\\ Дары красой, дары дабром! Вітай! —\\ Цябе у сіле поўнай\\ Я аддаю сям’і працоўнай! **21** У вольнай працы рупных пчол\\ Яны пальюць шчаслівым потам,\\ Абсемяняць прастор наўкол,\\ Канца не будзе іх клапотам,\\ Садамі высадзяць твой дол,\\ Як жонку, будуць песціць потым,\\ I будзеш ім святою ты,\\ I кожны плод твой — ім святы. **22** Ў цудоўнай сіле ўроды й моцы\\ Прадбачу я твае палі;\\ Праз забабоны, гніль, суроцы,\\ Праз звады зла ўсе караблі\\ Маіх надзей і дум к затоцы\\ Вялікай прышласці плылі,\\ Дзе будзе смех звінець вясёлы\\ I радасцю квітнецьмуць сёлы.\\ ......................................... **23** У імя людства, людскога шчасця\\ I духу творчага зямлі —\\ Пракляцце шэршню ўсякай масці\\ I панству — ўласніку раллі!\\ На новы лад мы свет аснасцім,\\ Перааром без меж палі,\\ I будзе ўсё дабро агульна,\\ I ўсім ў краі маім утульна.\\ .........................................\\ ......................................... **24** А каб ні злодзей, ні тыран,\\ Ні чалавек ліхі, пракляты\\ Не скралі вольнасці і ў зман\\ Не завялі сляпыя хаты, —\\ На варце стаўлю гнеў зацяты\\ Тваіх рабочых і сялян.\\ Калі між імі будзе еднасць —\\ Ліхое згіне у бясследнасць.\\ .........................................\\ ......................................... **25** Я пакідаю з дзіўным сумам\\ Маю дабродзейку зямлю.\\ Я голад знаў, душыўся глумам,\\ Ды імі сэрца не кармлю.\\ Яна ўсяго, як толькі ўздумаць,\\ Дала, й такой яе люблю:\\ З бядою, з ліхам, з посным квасам\\ I з радасцю кароткай часам.\\ ......................................... **26** Бывай, надзей сардэчны ўздым!\\ Бывайце, сны і слодыч веснаў!\\ I вы, снягі, завеі зім!\\ На зломе дзвюх эпох злавесным,\\ У неспрыяльным ветры злым\\ Сваё жыццё прайшоў я чэсна:\\ Пясняр, змагар, бядняк праз век —\\ Быў перш за ўсё я чалавек! **27** Бывай, мой ранак срэбраросы!\\ Бывай, мой дзень клапот, пакут!\\ Прайшоўшы свет раздзетым, босым,\\ Пара падумаць і пра кут:\\ На могілках зацішных Росы\\ Хачу спачыць ад каламут.\\ Сачыцьмуць мой спакой найпільней\\ Муры старой, каханай Вільні. [1932-1933] ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-хараство]] * [[постаці/уладзімір-жылка]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-каханне]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-марта]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-меч]]