~~META: title = Уладзімір Жылка — Марта &keywords = Жылка, Марта &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Жылкі "Марта" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Жылка — Марта ====== Апратка проста і будзённа,\\ Сабраны ў косу валасы,\\ Снуе задума звольна, сонна\\ Убор звычайнае красы.\\ \\ Нібы ў гадзінніку пясковым,\\ Плыве цурок драбніц-клапот,\\ Жаданні цюцькаю вартовым\\ Не адбягуцца ад варот.\\ \\ Бяздум'е броваў непрывабна,\\ І на твары спакой цяжкі,\\ Пастава пруткая нязграбна,\\ Нязграбны рух яе рухі.\\ \\ Імя, як ноч, глухое - Марта1\\ Не зачаруе чулы слух,\\ Пагляд прыцішаны, упарты\\ Лятункамі не ўскрыліць дух.\\ \\ Вось гэткую, Хрысце, ў Бетане2\\ Ты знаў, як я, ў сваю пару,\\ Марыі, ўзвышанай каханнем,\\ Затурбаваную сястру.\\ \\ І Ты, калі ад воч Марыі3\\ На Марце супыняў свой зрок,\\ Ты сілы знаў яе зямныя,\\ Няўдалы, цяжкі бачыў крок.\\ \\ І Ты пад лёгкаю тканінай\\ Грудзей заўважваючы спель,\\ Ты чуў, як кроў стае няўпыннай,\\ Як захмяляе цела бель.\\ \\ І дума здрадная самоты\\ Ўзнікала іскрай між другіх:\\ Ці гэткім аддаюць пяшчоты?\\ Ці льга кахаць такіх брыдкіх?..\\ \\ Прайшлі вякі... Яна ж адвечна\\ Ўсё тою ж буднасцю цвіце,\\ І я на думцы недарэчнай\\ Лаўлю сябе, як Ты, Хрысце.\\ \\ 1923 1. Марта (бібл.) - сястра Лазара і Марыі Магдаліны, разам з Марыяй прымала Ісуса Хрыста ў сваім доме ў Віфаніі (Бетані).\\ 2. Бетань (Віфанія) - мясцовасць на поўдзень ад Іерусаліма, дзе Ісус Хрыстос уваскрасіў Лазара.\\ 3. Марыя Магдаліна (бібл.) - сястра Лазара, паслядоўніца Ісуса Хрыста, адна з міраносцаў. Прысутнічала на Галгофе пад час укрыжавання Хрыста; згодна Дабравесцю паводле Яна (раздзел XII) Марыя Магдаліна пасля ўваскрашэння Лазара памазала Хрысту ногі нардавым мірам і абцерла сваімі валасамі. На яе ж была ўскладзена місія звеставання апосталам пра ўваскрашэнне Хрыста. У сусветнай літаратуры Марыя Магдаліна стала вобразам блудніцы, якая пакаялася.\\ [[постаці/уладзімір-жылка|Уладзімір Жылка]] супрацьпастаўляе прыгожую, "узвышаную каханнем" Марыю - Марце "ў апратцы простай і будзённай", з "нязграбнай паставай" і "прыцішаным паглядам". ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-каханне]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-матылі]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-хараство]] * [[творы/уладзімір-жылка/уладзімір-жылка-меч]] * [[постаці/уладзімір-жылка]]