Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-ты-мне-гаворыш

Гэта старая версія дакумента!


Уладзімір Дубоўка — Ты мне гаворыш

Ты мне гаворыш, што долю і волю
бачыць не суджана нашай айчыне?
Вецер ганяе тут попел над полем,
попел у спадчыну вораг пакінуў?

Беднасць пануе ў пясках і каменні,
стогне народ пад абцасам у пана?
I да святла ў нас не будзе імкненняў,
бо найгарчэйшае наканавана?

Годзе і годзе, таварыш пакорны!
Так жа было, але гэтак не будзе!
Нас недарэмна малолі у жорнах, –
з кожнай пакруткай мацнелі ўсё людзі.

Выдзьме ўвесь попел, як ворага вецер,
выжане рабскую кроў і пакору.
Займе айчына пасад свае ў свеце,
заўтра – не будзе падобна на ўчора.

Шчасце здабудуць мазольныя рукі,
шчасце мы створым сваімі рукамі.
Ведаць не будуць пра гора унукі,
Што панавала адвеку над намі.

1922



Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с.

Падобныя старонкі

  • уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі
  • уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі
  • уладзімір-дубоўка
  • уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё
  • уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы
творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ты-мне-гаворыш.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki