~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Пузыр, Саломінка і Лапаць &keywords = Пузыр, Саломінка, Лапаць &abstract = Чытаць казку Уладзіміра Дубоўкі "Пузыр, Саломінка і Лапаць" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Пузыр, Саломінка і Лапаць ====== 1 Пузыр, Саломінка і Лапаць\\ сабраліся ў адну дружыну.\\ Ніхто іх не прыходзіў сватаць, —\\ на ўсё ў жыцці свае прычыны.\\ У кожным разе, ў падарожжы\\ было іх безумоўна трое.\\ Меў асабісты выгляд кожны,\\ ды лёс аднолькавы затое.\\ Пра ўсе іх радасці і гора —\\ вось гэта казка і гаворыць.\\ 2 Пузыр вісеў пад столлю ў хаце.\\ На ім і пыл, на ім і мухі.\\ А возьмуць дзеці забаўляцца —\\ ад цяжкай мукі ён аж вухкаў.\\ Калі ж падыдзе коцік шэры, —\\ падхопіць лапкамі сваімі, —\\ тут проста уцякай праз дзверы,\\ бо і жыццё загіне з імі.\\ Так і зрабіў Пузыр аднойчы,\\ не пабаяўшыся і ночы:\\ устаў і выйшаў на дарогу,\\ шукаць жыцця сабе другога.\\ 3 Ідзе дарогаю шырокай,\\ абцасы ляскаюць па бруку.\\ Прыцішылася ўсё навокал,\\ бо напалохаў гэткі грукат.\\ I нават прытаіўся вожык,\\ пры гэтым упусціўшы мышку:\\ пакуль заціхне грук трывожны, —\\ лепш пераседзець у зацішку...\\ 4 Ідзе Пузыр сваёй дарогай,\\ па бруку ляскаюць абцасы.\\ Ды нейкі смутак і ў самога\\ ўсё павялічваецца з часам.\\ I чуе ён, — пад самым плотам\\ галосіць нехта ў немы голас.\\ Пузыр пытаецца: — А хто там? — Адказ прыходзіць невясёлы,\\ гаворыць нехта: — Хто ж я? Лапаць! Стапталі, кінулі ў аддзяку...\\ — Хоць лапаць, дык чаго ж там плакаць?!\\ Няма і крыўды тут ніякай.\\ Мяне кідалі неаднойчы,\\ ды як — з кутка ў куток, аб сцены.\\ I то былі сухімі вочы,\\ не аднаму табе і дрэнна!\\ Вылазь! Пайшлі удвух памалу,\\ шукаць утульнага прыпынку,\\ пакуль цябе тут не сажвала,\\ шукаючы прысмакаў, свінка...\\ 5 Падняўся памаленьку Лапаць,\\ з-пад плота на дарогу вылез.\\ I слёзы перасталі капаць,\\ зрабіўся весялейшым выраз.\\ Цяпер — удвух, цяпер — героі,\\ цяпер не страшны ім і заяц!\\ З такога добрага настрою\\ ідуць далей і неба хваляць.\\ Прайшлі з паўметра, можа болей,\\ ніякага не знаўшы страху.\\ I тут раптоўна так абое\\ і пакаціліся з размаху.\\ Пад імі: — Гвалт! Ратуйце, людцы! Ускочылі, працерлі вочы,\\ ніяк да сэнсу не даб’юцца:\\ чаго ад іх і хто тут хоча?\\ 6 Ды ўсё ж праяснілася справа:\\ Саломінка ляжала перак!\\ Для нечаканай гэткай з’явы —\\ не знойдзеш ні вагі, ні мерак.\\ Пузыр надзьмуўся ад знявагі,\\ з ім натапырыўся і Лапаць.\\ — Тваёй і не хапае звягі!\\ Ану, ўставай! Даволі плакаць!\\ Табе і месца не хапіла,\\ як толькі легчы на дарозе? —\\ Саломінка ўстае праз сілу\\ і прабачэння сціпла просіць.\\ Пузыр да справы ўсё даходзіць,\\ ніяк не дабярэцца толку:\\ — Ляжыш на самым пераходзе!\\ Чаму ты тут, а не ля току? —\\ Саломінка і кажа шчыра:\\ — Даруйце мне за ўсю знявагу!\\ Хоць паляту я ў самы вырай,\\ а на дарозе больш не лягу... —\\ Тады уставіў слова Лапаць.\\ — Няхай ідзе Саломка з намі:\\ яна адна не будзе плакаць\\ і ў нас не будзе пад нагамі... —\\ Даў згоду і Пузыр на тое.\\ Былі удвух, цяпер іх трое.\\ 7 Пузыр, аднак, глыбей кранае:\\ — Нас трое. Мы цяпер павінны,\\ калі ўпадзе бяда якая,\\ стаяць усе сцяною шчыльнай. —\\ Згадзіліся яны на гэта.\\ Пайшлі далей павольным кронам.\\ Было зусім на сходзе лета:\\ пахаладанне недалёка.\\ Вось Лапаць і падняў пытанне:\\ — Пакуль на небе месяц свеціць,\\ пакуль над намі сонца стане, —\\ мы з лесу нацягаем вецця.\\ Агонь разложым. Хто — падрэмле.\\ А не — дык пагамонім крыху...—\\ Пузыр і кажа: — Добра вельмі! — Вось так яны ідуць паціху.\\ 8 Прыйшлі якраз да самай рэчкі.\\ А лес — за рэчкай. Там і вецце.\\ Не абышлося ў іх без спрэчкі,\\ як і ў людзей на белым свеце.\\ Саломінка не дрэнна радзіць:\\ — Пузыр і на вадзе не тоне.\\ Мы з Лапцем на яго пасядзем\\ і пераедзем у сасоннік.\\ Пузыр не згодзен: — Што ж я — конь вам? Каб цераз вас намуляць карак?\\ За што ж гэта і за якое\\ такую мець павінен кару?\\ Няхай Саломка ляжа перак\\ цераз раку, а мы абое —\\ пярэйдзем, вецця там наберым\\ і прынясем сюды з сабою...\\ 9 Саломінка сказала проста:\\ — Не адмаўляюся быць мостам.\\ Калі такое ваша слова —\\ я і ў ваду ісці гатова.—\\ Спынілася адразу спрэчка.\\ Лягла Саломінка праз рэчку\\ і кажа ім: — Ну, калі ласка! Свае трымаю абавязкі!\\ 10 Пузыр да Лапця: — Лапаць, кратай! Трымай вышэй на мосце пяты!\\ А за табой і я ўздагонку! —\\ Падняўся Лапаць на Саломку,\\ прайшоў да самай палавіны\\ ды з ёю разам і загінуў,\\ бо не магла яна сабою\\ трымаць і Лапаць над вадою.\\ 11 Пузыр сяброўству даў прысягу,\\ казаў: — За вас касцямі лягу. — Пузыр павінен даць ратунак.\\ Цяпер ён зрокся гэтых думак:\\ стаіць на беразе, рагоча,\\ дапамагчы сябрам не хоча.\\ А колькі здзеку ў гэтым смеху!\\ Каму бяда, каму пацеха.\\ — Трымайся, Лапаць, за Саломку!\\ Твая тут справа вельмі тонка!\\ Ды ты і сам, як добры човен,\\ бяда — вады вось толькі повен! —\\ I ўсё рагоча, ўсё рагоча,\\ дапамагчы ніяк не хоча.\\ Пасля — парваўся ён са смеху\\ і скончыў так усю пацеху...\\ 12 Прыйшоў, панюхаў скуркі Вожык\\ і кажа: — Хто тут дапаможа? Як не было ў табе нічога,\\ так і няма цябе самога...\\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]]