~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Першы заработак &keywords = сын, бацька, рубель, серабраны, работа, хлапчына, сынок, спытаецца, тата, матка, хлопец, сыночак, чакае, брамы &abstract = Паэма Уладзіміра Дубоўкі "Першы заработак" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Першы заработак ====== Бацька і маці выхоўвалі сына.\\ Сын быў уцехай, надзеяй адзінай.\\ \\ Толькі, на жаль, у падобных выпадках\\ часам бывае не вельмі ўсё гладка.\\ \\ Бацька гаворыць, што хлопцу да працы\\ трэба памалу хадзіць прывучацца.\\ \\ Матчына думка зусім не такая:\\ «Тая работа яшчэ пачакае.\\ \\ Можа здарыцца якое няшчасце.\\ Можа з няшчасця сыночак прапасці...»\\ \\ Час не чакае. Хлапчына – дарослы.\\ Стаў паглядаць на дзявочыя косы.\\ \\ Бацька гаворыць:\\ – Гультайства даволі!\\ Так працаваць не пачнеш ты ніколі!\\ \\ Заўтра выходзь, мой сынок, на работу. –\\ Сын і пайшоў, але ўсё ж без ахвоты.\\ \\ Ды не паспеў ён прайсці і два крокі –\\ хлопца гукаюць сябры-абібокі.\\ \\ З тымі сябрамі гуляў ён у карты,\\ з тымі сябрамі ўсялякія жарты...\\ \\ Вечарам трэба вяртацца дахаты.\\ «Што зарабіў ты?» – спытаецца тата.\\ \\ Матка чакае сыночка ля брамы:\\ – На табе, сынку, рубель серабраны.\\ \\ Бацька спытаецца пра заработкі,\\ вось і адказ яму будзе кароткі...\\ \\ Бацька на сына зірнуў толькі вокам,\\ скеміў, што сын быў ад працы далёка.\\ \\ Але пытае:\\ – Ну як, галубочак,\\ папрацаваў ты свой першы дзянёчак?\\ \\ Сын падае той рубель серабраны.\\ Бацька ўзяў, на рубель і не глянуў.\\ \\ Зразу рубель у агонь ён укінуў.\\ – Не зарабляў ты яго, – кажа сыну.\\ \\ Матка зірнула на сына маўкліва:\\ «Як ён пазнаў? Гэта нейкае дзіва!»\\ \\ Раніцай зноў, толькі выйшаўшы з дому,\\ ён напаткаў учарашніх знаёмых.\\ \\ Зноў абышоў ён работу далёка.\\ Так дачакаўся і шэрага змроку.\\ \\ Вечарам трэба вяртацца дахаты.\\ «Што зарабіў ты?» – спытаецца тата.\\ \\ Матка спаткала сыночка ля брамы:\\ – На табе, сынку, рубель серабраны!\\ \\ Бацька спытаецца пра заработкі,\\ вось і адказ яму будзе кароткі...\\ \\ Бацька дахаты вярнуўся не рана.\\ Сын падае той рубель серабраны.\\ \\ Бацька зірнуў і – у агонь зноў з размаху!\\ Сын да сцяны прытуліўся са страху.\\ \\ – Не працаваў ты ізноў! – кажа сыну.\\ «Як пазнае ён?» – здзівіўся хлапчына.\\ \\ Досвіткам сын зноў падняўся на ногі,\\ сэрца смылела ў яго ад трывогі.\\ \\ Сорамна бацьку ўжо глянуць у вочы:\\ ён спрабаваў ашукаць яго двойчы.\\ \\ Зразу пайшоў на работу хлапчына.\\ Ён працаваў, як сапраўдны мужчына.\\ \\ Дзень ён цалюткі варочаў каменне,\\ муляр з камення выводзіў скляпенне.\\ \\ Тут ён не бачыў сваіх абібокаў,\\ тут працавалі ўсе людзі навокал.\\ \\ Вечарам, толькі заходзіла сонца,\\ майстар прыйшоў і падзякаваў хлопцу.\\ \\ – На табе, – кажа, – рубель серабраны,\\ шчыраю працай тваёй зарабляны...\\ \\ Сын патрымаў той рубель на далоні:\\ – Тата здаволіцца, пэўна, сягоння!\\ \\ Матка спаткала сыночка ля брамы:\\ – На табе, сынку, рубель серабраны!\\ \\ Сын адказаў ёй:\\ – Пакінь, мама, клопат!\\ Маю рубель я сягоння з работы.\\ \\ Думаю, ім задаволіцца тата. –\\ З добрым настроем ідзе ён у хату.\\ \\ Бацька сядзіць ля стала і чакае:\\ – Дзе ж ты так позна, сыночак, гуляеш?\\ \\ Сын падае свой рубель серабраны,\\ шчыраю працай што быў зарабляны.\\ \\ Бацька ўзяў і ў агонь яго кінуў.\\ Як падхапіўся адразу хлапчына!\\ \\ Выграб з агню яго голай рукою:\\ – Што ты тут робіш, татуля, такое?\\ \\ Гэта не жарты! Ад золку да змроку\\ я працаваў, і было мне нялёгка.\\ \\ Бацька смяецца, бо сынам здаволен:\\ – Веру табе я, сыночак, сягоння!\\ \\ Веру, што ты зарабляў яго шчыра, –\\ голай рукою з агню нават выграб!\\ \\ Будзе ляжаць ён асобна, бо першы –\\ ён і цяжэйшы,\\ але і мілейшы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]] * [[постаці/уладзімір-дубоўка]]