Гэта старая версія дакумента!
Уладзімір Дубоўка — Паляжам мы
Паляжам мы, і вецер нашы косці
паточыць, пылам над лясамі разнясе.
А ўсё ж ткі мы шукаем прыгажосці,
штодзённа кленчым мы сваёй красе.
Яны ў гаях, крыніцах гаманлівых,
у шуме-гомане лясных азёр,
у моры збожжа на палетках-нівах;
красой уквечаны увесь прастор…
Іграй, іграй, мой дружа цымбалісты,
каб дні вясны маёй са струн зляталі.
Ішлі яны пад вэлюмам імглістым
і гінулі ў жыцці, як хвалі ў хвалях.
Не шкадаваў, не скардзіўся нікому,
хоць часам дух звіваўся ў немы лямант,
а свет увесь, нязнаны і знаёмы,
мне выдаваўся нейкай чорнай плямай.
Іграй, іграй, каб струны галасілі
і захліпаліся, як я сягоння.
Загіну з гукамі ў тумане сінім,
а не схілю ні галаву, ні скроні.
Аддам усё за гукі шчырай песні,
якая прыйдзе ў барваванні новым.
Ад Віленскіх азёр да сумнага Палесся
яе сустрэнем задушэўным словам.
1925
Падобныя старонкі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі
- уладзімір-дубоўка
- уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-i-гінулі-яны-за-косы-к