~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Паляжам мы &keywords = Дубоўка, паляжам &abstract = Чытаць верш "Паляжам мы" Уладзіміра Дубоўкі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Паляжам мы ====== Паляжам мы, і вецер нашы косці\\ паточыць, пылам над лясамі разнясе.\\ А ўсё ж ткі мы шукаем прыгажосці,\\ штодзённа кленчым мы сваёй красе.\\ \\ Яны ў гаях, крыніцах гаманлівых,\\ у шуме-гомане лясных азёр,\\ у моры збожжа на палетках-нівах;\\ красой уквечаны увесь прастор...\\ \\ Іграй, іграй, мой дружа цымбалісты,\\ каб дні вясны маёй са струн зляталі.\\ Ішлі яны пад вэлюмам імглістым\\ і гінулі ў жыцці, як хвалі ў хвалях.\\ \\ Не шкадаваў, не скардзіўся нікому,\\ хоць часам дух звіваўся ў немы лямант,\\ а свет увесь, нязнаны і знаёмы,\\ мне выдаваўся нейкай чорнай плямай.\\ \\ Іграй, іграй, каб струны галасілі\\ і захліпаліся, як я сягоння.\\ Загіну з гукамі ў тумане сінім,\\ а не схілю ні галаву, ні скроні.\\ \\ Аддам усё за гукі шчырай песні,\\ якая прыйдзе ў барваванні новым.\\ Ад Віленскіх азёр да сумнага Палесся\\ яе сустрэнем задушэўным словам.\\ \\ 1925 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]] * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-i-гінулі-яны-за-косы-к]]