Гэта старая версія дакумента!
Уладзімір Дубоўка — Пальцы жоўтых кляновых лістоў
Пальцы жоўтых кляновых лістоў
мкнуцца восень схапіць за шыю.
Не парушаць яе хараство,
не парушаць лісты залатыя.
Клён у вокны забразгатаў,
адгукнулася каняю рэха.
Месяц рваў арэхі з куста,
раскідаў над сусветам арэхі.
Яны ў воўне блакітнай ляглі,
сумавала ў даліне ляшчына.
Летуценні не змерклі ў галлі,
летуценняў згасіць немагчыма.
Расцярушацца ў далі і ўвысь,
каб нагадваць аб светлым над чорным.
Ці таму, што сумуюць журавы,
ненасытна свіргочуць жорны?..
Ліставея не моўкне, шуміць
ад вясны да вясны на прасторах.
Поверх стрэх і муроў камяніц
я пабачыў яе учора…
Дзесь далёка галосіць сава,
небакрай апрануўся жалем.
Людзі любяць душу прасаваць,
калі гэта душа чужая.
1925
Падобныя старонкі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё
- уладзімір-дубоўка
- уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы