~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Палыны пасівелі на ўзгорку &keywords = пасівелі, ўзгорку, палыны, горка, адцвітае, свеце, глянуць, даліны, кіне, вецер &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Дубоўкі "Палыны пасівелі на ўзгорку" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Палыны пасівелі на ўзгорку ====== Палыны пасівелі на ўзгорку,\\ запрыгоршчыць і кіне іх вецер.\\ Мо таму так на свеце горка,\\ мо таму часам горка на свеце?\\ \\ Калі глянуць на тыя даліны,\\ калі глянуць на тыя далочкі, –\\ толькі ліст адвіхнуўся з каліны,\\ а яго ўжо у гліну топчуць.\\ \\ А ў каліне, ў шыпшынніку дзікім\\ начавалі і сонца і росы.\\ А ў пялёстках – без меры, без ліку\\ з сокам шчасце суздром разлілося.\\ \\ Адцвітае, усё адцвітае –\\ і гады, і хвіліны, і кветкі.\\ Маладосць ты мая залатая,\\ і цябе панясе так па ветру.\\ \\ Разліешся пялёсткамі песень\\ ад мяне ды на тыя даліны.\\ Там і скруціць іх вецер у дэсань,\\ бо да зор ад зямлі не дакіне.\\ \\ Толькі знаю і веру цвёрда,\\ як у долю краіны роднай, –\\ маіх думак не кіне ў бёрда,\\ не затчэ утокам нягодным.\\ \\ Вось затым дарую і крыўду, –\\ што мінула і што надыдзе.\\ Калі сэрца каханнем спавіта, –\\ дык не будзе ў ім месца крыўдзе.\\ \\ Палыны пасівелі на ўзгорку,\\ а ў далінах – пялёсткі ад кветак.\\ Іх калыша з вясёлай гаворкай,\\ гаркату вытрасае з іх ветрык...\\ \\ 1925 \\ \\ Крыніца: Душа мая тужлівая... : вершы і паэмы / уклад. В. А. Шніп. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 303 с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя). ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]]