~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Палессе &keywords = Сыракомля, Палессе, хата, балота &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Дубоўкі "Палессе" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Палессе ====== Ўладыслаў Сыракомля,\\ наш зямляк знакаміты,\\ даў пра гэта наўколле\\ верш свой, смуткам спавіты.\\ \\ Ён пакінуў на памяць\\ нам малюнак праўдзівы.\\ Пачытаеш – устануць\\ тыя вёскі і нівы.\\ \\ //«У пясках, пры балоце,\\ пры азёрнай затоцы,\\ вёска стала ў самоце,\\ як жабрак дзе пры плоце.\\ Сосны скардзяцца, шэпчуць,\\ над нядоляю плачуць.\\ А ў той вёсцы галеча!\\ Выгляд вёскі жабрачы:\\ У зрэбнай вопратцы людзі –\\ не адзеты, не голы.\\ Закурэлыя, ў брудзе,\\ ў свет глядзяць невясёла.\\ Сцены ў цвілі і гнілі\\ у стадолах і хатах.\\ Іх чаротам. накрылі\\ і саломай бахматай.\\ Бусел, стораж хаціны,\\ склаў гняздо на страсе тут,\\ нібы даў селяніну\\ ён для шчасця прыкмету.\\ – Эх, пляцеш ты, мой мілы!\\ У вёсцы буслаў нямала.\\ Каб варожбам мець сілу –\\ шчасце скрозь красавала б!\\ – О! Жывём мы шчасліва:\\ ані хлеба, ні солі.\\ Лёг пясочак на нівах,\\ зрос палын у стадоле...\\ Думка схована змрокам,\\ быццам іскрынка ў прыску.\\ Уздыхне ён глыбока\\ па сабе і па блізкіх.\\ Б'ецца сэрца людское,\\ нібы молат у кузні.\\ Возьме так за жывое,\\ што на бога заблюзніць.\\ Угінаюцца плечы,\\ слёзы коцяцца з болю.\\ Варажбой, чалавеча,\\ не адолець нядолі.\\ Нас зраклося і сонца:\\ дзесь яно ў акіяне.\\ Бусел нашай старонцы\\ стуль прыносіць вітанне.\\ Ён ляціць з небасхілу,\\ нішчыць гадаў гатовы...\\ Не птушынаю сілай\\ зняць усім ім галовы!\\ Каб пазбыцца напасці,\\ каб сябе ашукаць чым,\\ хлусім сэрцу пра шчасце,\\ хоць яго і не бачым.\\ Людзі, быццам як дзеці:\\ шчасця, кажуць, чакаем!\\ Покуль сонца засвеціць –\\ выесць вочы раса ім».//**//*//**\\ \\ Ах, зямляча, зямляча,\\ дарагі Сыракомля!\\ Як жа час перайначыў\\ за стагоддзе наўколле!\\ \\ Не пазналі б сягоння\\ аніяк вы Палесся, –\\ тут сталёвыя коні,\\ тут шчаслівыя песні.\\ \\ Тыя ж самыя хвоі,\\ што пры вас галасілі,\\ заспявалі такое,\\ што ўзнімае на крылле.\\ \\ А па вёсках – прасторы:\\ ні памежкаў, ні пана.\\ Гора знішчана ў корань,\\ больш няма занядбаных.\\ \\ Электрычнасць у хатах,\\ быццам зоркі у вокнах.\\ Стрэх не ўбачыш бахматых,\\ воч не ўбачыш ты мокрых.\\ \\ Не царква ці капліца –\\ ў вёсках клубы і школы.\\ Моладзь на вечарніцах\\ ходзіць з песняй вясёлай.\\ \\ Стала полымя з іскры,\\ зазіхцела над намі.\\ Захаванае ў прыску,\\ занялося кастрамі.\\ \\ Бусел – праўнук праўнукаў\\ тых, што вам клекаталі, –\\ са старою навукай\\ вымярае ўсё далі.\\ \\ Ён знаёмым адзіным быў\\ бы ў тым падарожжы.\\ Ён не зрокся радзімы,\\ ўсё пра шчасце варожыць.\\ \\ Не варожбы з малітвай,\\ а народная воля,\\ а упартыя бітвы\\ аднавілі наўколле!\\ \\ * W. Syrokomla – «Z wrażeń poleskiej podróży», 1850 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-на-палессі]] * [[ibdc.ped>сцяжынкамі-янішчыц]] * [[ibdc.ped>палесся-абрус-аксамітны]] * [[ibdc.ped>прыпяцкі-запаведнік]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-гарывада]]