~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Не кажу – запявайце, цымбалы &keywords = кажу, песня, крыніца, страі, цымбалы, струны, запявайце, нічога, ведаю, струна &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Дубоўкі "Не кажу – запявайце, цымбалы" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Не кажу – запявайце, цымбалы ====== Не кажу – запявайце, цымбалы,\\ не кажу – струна да струны.\\ На нервах сваіх мы іграем\\ і складаем лады, страі.\\ \\ Разліваецца смага па жылах,\\ як пялёсткі ў павевах вятроў.\\ Мне калісьці цыганка варажыла,\\ што загубіць мяне мая кроў.\\ \\ Хай мяне, а нікога іншага,\\ хай мяне, а нікога больш.\\ Вось не ведаю нічога сіньшага,\\ чым вочы дзявочыя і боль.\\ \\ I нічога не ведаю больш белага,\\ чым ростань нечаканая і снег.\\ А сняжынкі ўсё лётаюць-бегаюць,\\ і здаецца, гэта ўва сне.\\ \\ Ой, браточкі мае, таварышы,\\ ды чаму ж гэта ў радасці сум?..\\ Нечакана возьмеш завалішся,\\ столькі песень я ў сэрцы нясу.\\ \\ Вось каб так праспяваць іх, як думаю,\\ вось каб так, як кладуцца яны...\\ Аплывае крыніца шумаю,\\ ці адкінуць яе далані?\\ \\ Але ж песня, ты, песня... ой, песня!\\ Ты пакрышыш наносную твань!\\ Калі кажа паэт, што Прадвесне, –\\ дык пачне зелянець трава.\\ \\ Не кажу – запявайце, цымбалы,\\ не кажу – струна да струны.\\ Калі нерваў нам будзе мала, –\\ з пачуццёў заснуем мы страі.\\ \\ 1925\\ \\ Крыніца: Душа мая тужлівая... : вершы і паэмы / уклад. В. А. Шніп. – Мінск: Маст. літ., 2005. – 303 с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя). ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]]