~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Крот, Мурашка і Лісіца &keywords = крот, лісіца, мурашка, ліска, наша, мурашкай &abstract = Чытаць казку Уладзіміра Дубоўкі "Крот, Мурашка і Лісіца" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Крот, Мурашка і Лісіца ====== **1** Крот, Мурашка і Лісіца\\ сустрэліся ля крыніцы.\\ \\ Піць прыходзілі яны ўсе.\\ Там струменьчык чысты ліўся\\ \\ і джурчаў, як чмель над кветкай,\\ пад бярозавай паветкай.\\ \\ Прывіталіся спачатку\\ і дзеньдобрым, і за лапку.\\ \\ Пачалі пасля ўсе трое\\ гаманіць пра сёе-тое.\\ \\ Потым Ліска кажа:\\ – Дома\\ нам усё даўно вядома.\\ \\ Пойдзем лепш у свет шырокі,\\ паглядзім уласным вокам,\\ \\ як жыццё ідзе другое,\\ як яно і дзе якое.\\ \\ Ўсе згадзіліся на гэтым.\\ Вандраваць не дрэнна летам!\\ \\ Крот сабраўся вельмі борзда,\\ ўзяў з сабою рыдаль востры,\\ \\ а Мурашка ад кватэры\\ узяла сваю сякеру.\\ \\ Ну, Лісіца кожным часам\\ ходзіць з баявым прыпасам:\\ \\ востры зуб і хвост пушысты,\\ каб сляды замесці чыста...\\ **2** Крот, Мурашка і Лісіца\\ маршыруюць па гасцінцы.\\ \\ Крочаць весела і жвава.\\ У дарозе ўсё цікава:\\ \\ дзе узгорак, дзе даліна,\\ дзе алешнік, дзе ляшчына,\\ \\ дзе калінавы масточак,\\ дзе малінавы лісточак...\\ \\ Птушкі з кожнага іх дрэва\\ сустракаюць гучным спевам.\\ \\ Так прайшлі яны ці мала.\\ Ім прыгоды не трапляла.\\ \\ Але вось на нейкай мілі\\ свой паход яны спынілі:\\ \\ нехта, мабыць, ехаў з возам\\ і засыпаў сцежку просам.\\ \\ Што рабіць?\\ Дабра ім шкода.\\ Як-ніяк –\\ пачатак года.\\ \\ «Кінь вясной у глебу зерне,\\ дык увосень жменю верне!»\\ \\ Так Лісіца і сказала:\\ – Часу ёсць у нас нямала!\\ \\ Мы, падзякаваўшы лёсу,\\ пазбіраем гэта проса.\\ \\ Потым, выпаліўшы ляду,\\ і пасеем добрым ладам.\\ \\ Як зародзіць проса наша –\\ будзем год мы есці кашу!\\ \\ Утраіх рабіць не цяжка. –\\ Крот, Лісіца і Мурашка\\ \\ пазбіралі ў кучу проса,\\ каб нідзе не засталося.\\ \\ Ёсць насенне!\\ Зараз трэба\\ рыхтаваць для проса глебу!\\ **3** Крот, Мурашка і Лісіца\\ пасядалі на травіцы.\\ \\ Крот, як знаўца, вокам кінуў\\ на узгорак, на даліну\\ \\ і сказаў:\\ – Каля гары той\\ можна сеяць нават жыта.\\ \\ Проса ж будзе –\\ як трысцё там,\\ з вельмі добрым умалотам.\\ \\ Хто з Кратом спрачацца можа?\\ Ў гэтай справе ўсіх ён зможа, –\\ \\ колькі Крот зямлі капае,\\ мабыць, ён і сам не знае...\\ **4** Крот, Мурашка і Лісіца,\\ каб з сяўбою не спазніцца,\\ \\ падышлі хутчэй да мэты.\\ Не благі куточак гэты!\\ \\ Пахадзілі па паляне:\\ добра скрозь, куды ні глянеш!\\ \\ Што ж! Пачаць капаць ім трэба, –\\ языком не зрушыш глебу!\\ \\ Узяліся ўсе з імпэтам\\ працаваць на полі гэтым.\\ \\ I Крату капаць не цяжка,\\ працавіта і Мурашка.\\ \\ А Лісіцу хто не знае?\\ Хлеба лёгкага шукае!\\ \\ Капануўшы два разочкі,\\ Ліска села на пянёчку\\ \\ ды сябрам сваім гаворыць:\\ – Нас, браткі, пільнуе гора!\\ \\ Добра бачу ясным вокам,\\ што гара навісла бокам.\\ \\ Як заваліцца на поле,\\ проса нам не мець ніколі.\\ \\ Не спыняйце вы работу,\\ я ж пайду наладжу ўсё там.\\ \\ За гару, ў кусты адразу\\ наша Ліска падалася.\\ \\ Там на сонейку вясновым\\ і заснула у дуброве.\\ \\ Ліска так гару трымае!\\ Як, гаротніца, трывае!..\\ \\ Рые Крот зямлю тым часам,\\ а з Кратом Мурашка разам.\\ \\ I да вечара іх двое\\ ускапалі поле тое.\\ \\ Як на захад сонца стала,\\ дык Лісіца наша ўстала.\\ \\ Падышла:\\ – Вось добра, хлопцы!\\ I пасеем, покуль сонца!\\ \\ Не пашкадаваўшы сілы,\\ я гару так узмацніла,\\ \\ каб ніякая навала\\ нам сяўбу не сапсавала.\\ \\ Вам лягчэй было намнога,\\ я – дык ледзь цягаю ногі...\\ \\ Што адкажаш? – Кожны, пэўна,\\ працаваў, як мог, сумленна...\\ \\ Праз плячо узяўшы лубку,\\ Крот пасеяў проса хутка.\\ \\ А пасля сяўбы такое\\ заспявалі разам трое:\\ \\ «А мы проса сеялі\\ утраіх.\\ Наша проса вырасце\\ нам для ўсіх.\\ Намалоцім проса мы\\ повен воз,\\ абы толькі просу быў\\ добры лёс».\\ **5** Крот, Мурашка і Лісіца\\ разышліся ў той хвілінцы,\\ \\ каб ізноў пры гэтым просе\\ ім спаткацца ўсім пад восень.\\ \\ Час ляціць. На сходзе лета.\\ Восень крочыць непрыкметна.\\ \\ Проса жаць прыйшлі з сярпамі\\ толькі Крот з Мурашкай самі,\\ \\ а Лісіца і не дбае,\\ што работа ёсць такая.\\ \\ Крот з Мурашкай каля проса.\\ Жне адзін, другі адносіць.\\ \\ А снапоў на іхнім полі\\ коп за дзесяць, пэўна, болей.\\ \\ Як звязалі сноп апошні,\\ ў іх парадак стаў на пожні.\\ \\ З лесу крочыць тут і Ліска,\\ да тарпы падходзіць блізка.\\ \\ – Ай, ды хлопцы!\\ Ай, героі!\\ Як вам дзякаваць за тое?!\\ \\ Нам усім за працу нашу\\ ўзнагародай будзе каша!\\ \\ Усё ж ткі проса малавата!\\ На траіх дзяліць не варта!\\ \\ Аддамо таму ўсё збожжа,\\ хто дабегчы першым зможа\\ \\ да тарпы праз нашы гоні.\\ Адным словам, – хто абгоніць!\\ \\ Крот з Мурашкай кажуць:\\ – Згода!\\ Сталі ў рад.\\ Каманда:\\ – Ходу!\\ \\ Ну, Лісіца хвост трубою,\\ аж ляціць па-над зямлёю.\\ \\ А Мурашка, што ў карэце,\\ на хвасце ў Лісіцы едзе.\\ \\ I не ведае Лісіца,\\ што Мурашка з ёй імчыцца!\\ \\ Да тарпы прыбегшы, села\\ і вясёлы спеў запела: \\ «А мы проса сеялі\\ утраіх,\\ але проса вырасла\\ не для ўсіх!\\ \\ Гэта проса вырасла\\ мне на лёс,\\ а Крату з Мурашкаю\\ дулю ў нос!» \\ А Мурашка ззаду кажа:\\ – Дастанецца мне ўся каша\\ \\ Ты марудніца якая!\\ Я даўно цябе чакаю!\\ \\ Ушчынае гвалт Лісіца\\ ды з Мурашкаю сварыцца:\\ \\ – Як, ды што яно такое...\\ Не згаджаюся з табою!\\ \\ Хто табе паверыць можа,\\ што мяне ты пераможаш?\\ \\ Але Крот прыйшоў да іх тут.\\ Ён і даў Лісіцы дыхту:\\ \\ – Як сварыцца вам не сорам?\\ Спрэчку вырашым мы скора,\\ \\ каб на добрае ўсім выйшла:\\ тут да нас бягуць два выжлы.\\ \\ Мы сюды іх і запросім\\ рассудзіць аб нашым просе.\\ \\ Як ускочыла Лісіца, –\\ не здагоніць бліскавіца.\\ \\ Знікла ў момант за кустамі.\\ Крот з Мурашкай сталі самі\\ \\ малаціць цапамі проса.\\ Ім яно ўсё дасталося.\\ \\ А пасля таўчы на крупы\\ пачалі ў вялізнай ступе.\\ \\ Як стаўкуць, згатуюць кашу,\\ дык і казку скончым нашу.\\ \\ А пакуль таўкуць, мой братка,\\ пачынай ізноў спачатку:\\ \\ «Гэй, гэй, таўкачыкі!\\ Гэй, гэй, дубовыя,\\ да работы гатовыя.\\ \\ Сем год бадзяліся,\\ ў адну ступу сабраліся,\\ патаўкуць на крупы проса,\\ каб усім нам дасталося.\\ А Лісіцы гультаіне\\ аддамо адну мякіну!\\ \\ Гэй, гэй, таўкачыкі!\\ Гэй, гэй, дубовыя,\\ да работы гатовыя!» ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]]