творы:уладзімір-дубоўка:уладзімір-дубоўка-зноў-вас-пабачыў
Гэта старая версія дакумента!
Уладзімір Дубоўка — Зноў вас пабачыў
Зноў вас пабачыў, бярозы старыя,
ваша утульнасць ізноў мяне крые.
Ціха гамоніць і вецце, і лісце,
як гаманіла калісьці, калісьці…
Вашы вяршыні кранаў я рукою,
ў вашых шатрах я шукаў супакою.
Нас над зямлёй вы ўзнасілі высока,
нас, напрадвесні, паілі вы сокам,
каб шанавалі ад шчырага сэрца
тую зямлю, ад якой ён бярэцца.
Гэту пашану ніколі не траціў,
а узмацняў яе шчыраю працай.
Зноў вас пабачыў, бярозы старыя,
ваша утульнасць ізноў мяне крые…
1958
Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с.
Падобныя старонкі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы
- уладзімір-дубоўка
- уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі
творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-зноў-вас-пабачыў.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1