~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Залатая, асенняя раніца... &keywords = Залатая, асенняя, раніца &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Дубоўкі "Залатая, асенняя раніца...". Аналіз верша &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Залатая, асенняя раніца... ====== Залатая, асенняя раніца!\\ Хараством ты на свеце адна.\\ Сонца ў пушчы глыбокай купаецца\\ і ніяк не дастане да дна...\\ \\ Мітусіцца лісцё па аселіцы,\\ як дзвіна матылькоў-мітульгі.\\ I узвее яна, і пасцеліцца,\\ распаветрыцца на берагі.\\ \\ А яны, берагі беражыстыя,\\ не стрымаюць асенні напеў.\\ I ліецца, віецца сукрысты ён,\\ і разгортваецца каля дрэў.\\ \\ Прытулі, прыхіні на апошняе\\ і згадай гэты дзень залаты,\\ што над пушчай, згалелымі пожнямі\\ рассыпаў залатыя лісты.\\ \\ Рассыпаў і раскідваў прыгоршчамі\\ на акрасу, на жаль, на ўспамін.\\ Развітальная хвіля найгоршая,\\ яна можа і сэрца спаліць.\\ \\ Не бядуй, не гаруй - пад цяжарамі\\ мне не йсці, шчасця ў іх не шукаць,\\ з-за балота мігціць, за выгарамі\\ прамяніцца пярэстая гаць.\\ \\ Не гаруй! Ты дарэмна заплакала:\\ я прыйду, я вярнуся ізноў.\\ Лёс для усіх не бывае аднакавы,\\ як для тых засмучоных лістоў.\\ \\ Залатая, асенняя раніца!\\ З хараством, з пекнатою - бывай!\\ Ужо сонца за пушчу хаваецца,\\ кармазынам гарыць небакрай...\\ \\ 1922 Узорам пейзажна-філасофскай лірыкі можа служыць верш «Залатая, асенняя раніца...» (1922). У вобразна-слоўнай плыні твора пераважаюць яркія, светла-залацістыя фарбы, тонкі лірызм, надзвычайная пачуццёвасць. Уразлівая натура [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|лірычнага героя]] знаходзіцца ў палоне пачуццяў ад сузірання дзіўнай прыгажосці. Пярэсты восеньскі пейзаж залатой асенняй раніцы будзіць у душы героя спагаду і замілаванне да ўсяго светлага, патрэбу выказаць перажытае, запаветнае. Асенняя пара згасання, замірання прыроды навявае ў душу светлы сум, шчымлівую згадку, роздум пра бясконцасць жыцця. Вытанчанасць лірычнага пачуцця трымаецца не столькі на зрокавым уяўленні, колькі на псіхалагічных асацыяцыях. Створаная жывапісная карціна выяўляе чароўную прыгажосць, разлітую ў прыродзе. У вершы надзвычай тонка ўзнаўляюцца дэталі, ледзь заўважныя для вока драбнюткія адценні восеньскай раніцы. Пра тое, што перажыты стан прыроды вельмі дарагі і блізкі паэту, можна меркаваць па вобразах-карцінах, якія трымаюцца на паўторы слоў і сугуччах («матылькі-мітульгі», «берагі-беражыстыя»), на ўзмацненні кантэкстуальна сінанімічных дзеяслоўных груп («I узвее яна, і пасцелецца, / распаветрыцца на берагі»; «I ліецца, віецца сукрысты ён, / і разгортваецца каля дрэў»; «Прытулі, прыхіні на апошняе / і згадай гэты дзень залаты,»; «Не бядуй, не гаруй; я прыйду, я вярнуся»),\\ Нягледзячы на тое, што ў вершы ўзноўлена «развітальная хвіля», у цэлым лірычнае перажыванне пазбаўлена адзнак роспачы, журботнасці. У ім пераважаюць светлыя, мажорныя тоны, жыццялюбны настрой. Драматызм прыглушаны, вынесены ў падтэкст. Апісанне асенняга пейзажу, зробленае з надзвычайным замілаваннем, унутраным трымценнем і цеплынёй, дапамагае абвастрыць момант развітання, як можна меркаваць, з каханай. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-раніца-вясною]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-летняя-раніца]] * [[ibdc.ped>вясновая-раніца]] * [[творы/язэп-пушча/язэп-пушча-раніцу-шчэбет-пільнуе]] * [[ibdc.ped>раніцою]]