~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Дождж у Мазыры &keywords = Дубоўка, дождж, Мазыр &abstract = Чытаць верш "Дождж у Мазыры" Уладзіміра Дубоўкі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Дождж у Мазыры ====== Павольна, ціха над зямлёй,\\ нібы валы, бліжэюць хмары.\\ Дзе — чарадой, дзе — грамадой,\\ дзе — падабраныя да пары.\\ \\ На небе месяц, як пастыр,\\ на плечы ўскінуўшы сярмягу,\\ зганяе хмары ўсе ў Мазыр,\\ каб паратунак даць на смагу.\\ \\ Магчыма, там грыміць пярун?\\ Ці дзе варочаюцца жорны?\\ Ці, можа, ляскае бізун\\ за пеляною цьмяна-чорнай?\\ \\ Туды і месяц наш нырнуў,\\ сярмягай да вушэй закрыты.\\ А праз густую пеляну\\ паліўся дождж, як цераз сіта.\\ \\ Не спіць ніхто ў Мазыры.\\ Глядзяць усе праз вокны, дзверы,\\ як неба шле людзям дары\\ без ліку, без ніякай меры.\\ \\ Знікае смага тая скрозь,\\ што панавала тут праз лета.\\ А дождж — як наймілейшы госць,\\ вясёлы госць! — ідзе над светам...\\ \\ З высокіх дрэў знікае пыл,\\ знікае з вуліц брукаваных.\\ У Прыпяць пыл увесь паплыў\\ завулкамі, як рукавамі.\\ \\ Калі спыніўся дождж зусім,\\ а ён спыніўся каля золку,\\ ў праменні ясным, залатым\\ устала сонца над узгоркам.\\ \\ Тады Мазыр ва ўсёй красе\\ раскінуўся перад вачыма.\\ Тады пазналі мы усе:\\ быць прыгажэйшым — немагчыма! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-па-дарозе-ў-мазыр]] * [[ibdc.ped>сталіца-беларускага-поўдня]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]]