~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Дзівосныя прыгоды &keywords = прыгода, гусі &abstract = Чытаць казку "Дзівосныя прыгоды" Уладзіміра Дубоўкі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Дзівосныя прыгоды ====== //Народная казка// \\ Я пасеяў гарох\\ каля возера ў полі.\\ Пастараўся, як мог,\\ так, як можа ніколі.\\ \\ У даглядзе такім\\ рос ён вельмі прыгожым.\\ А стручысты!\\ Струкі —\\ па дванаццаць гарошын!\\ \\ Неяк раз я прыйшоў\\ на гарох падзівіцца.\\ Калі глянуў —\\ слядоў,\\ як на бойным гасцінцы!\\ \\ Ды якія сляды —\\ ўсё гусіныя лапкі.\\ Ад крылатай бяды\\ не паставіш аградкі...\\ \\ Гэта ж ночкі за тры\\ увесь гарох пералушчаць.\\ I прыгналі ж вятры\\ іх у нашую путчу!\\ \\ Ваяваў я з бядой,\\ а такой не бывала.\\ Я сваёй галавой\\ перадумаў нямала.\\ \\ А прыдумаў усё ж\\ неблагі паратунак.\\ Для крылатых вяльмож\\ я зраблю пачастунак.\\ \\ Ім гарэлку і мёд\\ назліваю ў карыце,\\ каб у першы ж прылёт\\ тут маглі і напіцца.\\ \\ Як уп’юцца усе\\ і салодкай, і горкай,\\ павяжу я гусей,\\ забарсаю вяроўкай.\\ \\ Што прыдумаў, дык так\\ і зрабіў без адкладу:\\ ўліў і мёд, і пяршак\\ для гусінага стада.\\ \\ Сам з вяроўкаю сеў\\ у ядловец калючы.\\ Там чакаю гусей,\\ зладзяёў тых лятучых.\\ \\ Вось яны —\\ «Га-га-га!» —\\ наляцелі ад пушчы,\\ ды адразу цягаць,\\ ды стручкі мае лушчыць.\\ \\ Я сяджу і цярплю,\\ хоць заходзіцца сэрца.\\ А гарох на зямлю\\ мой\\ лажыцца-кладзецца.\\ \\ Чую зноў:\\ «Го-го-го!»\\ Гэта значыцца —\\ «Годзе!»\\ Да частунку майго\\ завадэвуш падходзіць.\\ \\ А за ім чарадой\\ пакручастыя шыйкі.\\ П’юць салодкі напой, —\\ то ж не «квас-пераліўкі»!\\ \\ Неўзабаве да дна\\ спаражнілі карытца.\\ Ну, цяпер да відна\\ могуць спаць, не журыцца!\\ \\ Вычмуралі там так,\\ як сваты на вяселлі.\\ Змогся ўрэшце гусак,\\ ды і гускі прымлелі.\\ \\ Я пачаў па адной\\ іх вязаць на вяроўку.\\ Усё ж работы сваёй\\ не зрабіў я да толку.\\ \\ Іх за ножкі вязаў,\\ не падумаў аб крыльцах.\\ А канец заматаў\\ ля сваёй паясніцы.\\ \\ Тут іх чэрці ўзнялі.\\ Як яны забубнілі!\\ I адразу з зямлі\\ узвіліся на крыллі.\\ \\ А да іх жа і я\\ прывязаўся на гора!\\ Гляну —\\ ўнізе зямля,\\ а над шапкаю — зоры!\\ \\ Тыя гускі — далей,\\ не спыняючы лёту.\\ Мільгаціць ля вачэй\\ наша пушча, балота.\\ \\ Калі гляну ізноў —\\ гэта ж Нарач у доле!\\ Пра такіх летуноў\\ не забыцца ніколі.\\ \\ Так насілі мяне\\ мае конікі-гусі\\ па усёй старане,\\ паўз усёй Беларусі.\\ \\ Ты, гаросе-гарох,\\ пазлацістыя кіты!\\ Ці не ты мне памог\\ заляцець у блакіты?\\ \\ О-ё-ёй, о-ё-ёй!\\ I спытацца ў каго там?\\ То ляцім над вадой,\\ то над пушчай, балотам.\\ \\ Адвязаць калі мне\\ з паясніцы вяроўку, —\\ дык ці ў вір шыбане,\\ ці аб камень галоўкай.\\ \\ Але,\\ дзе б ні былі,\\ павярнулі мы двору:\\ ўсё бліжэй да зямлі\\ і ўсё далей ад зорак.\\ \\ Паляцелі пасля\\ над маленькім балотцам.\\ Са свайго чарасла\\ даў я волю вяроўцы.\\ \\ Гусі зразу вышэй,\\ я —\\ з размаху у багну,\\ і ад тых ад гусей,\\ І ад неба — бабахнуў.\\ \\ Толькі пырскі пайшлі,\\ паляцелі фантанам.\\ Зноў бяда:\\ на зямлі,\\ а з зямлі я не ўстану.\\ \\ Аж пад пахі мяне\\ засмактала балота.\\ Ўсё ж ткі паразумнеў\\ я\\ пасля тых палётаў!\\ \\ Па рыдлёўку схадзіў,\\ не марнуючы часу,\\ адкапаўся з гразі\\ ды і вылез адразу.\\ \\ Памаленьку іду.\\ Не разгонішся босы!\\ Бачу —\\ збоку мне дуб,\\ а пад дубам — калёсы.\\ \\ На аглоблях хамут\\ ды ў агуле ўся збруя.\\ Што,\\ нашто\\ і чаму —\\ гэта я не цікую.\\ \\ Я заскочыў на воз,\\ разгарнуў там салому,\\ пераслаў, ператрос,\\ ды і лёг пакрыёма.\\ \\ Толькі вочы закрыў,\\ каб заснуць з тых палётаў, —\\ чую,\\ гусі ўгары\\ зноў лятуць ад балота.\\ \\ «Га-га-га!»\\ «Го-го-го!» —\\ зноў вазіць мяне хочуць.\\ Не!\\ Мне хопіць таго,\\ што палётаў аднойчы!\\ \\ Я са збруі дастаў\\ павіваныя лейцы\\ і сябе прывязаў\\ так,\\ што не адарвецца...\\ \\ Чую —\\ крэкча мой воз,\\ ад’язджае ад дуба.\\ Глянуў —\\ лёс мне прынёс\\ яшчэ горшую згубу.\\ \\ Велізарны мядзведзь\\ сам запрогся ў калёсы\\ ды ўпрыскочку ідзе,\\ аж свіргочуць атосы.\\ \\ Я к ён ехаў тады, —\\ расказаць немагчыма:\\ то сюды, то туды,\\ дзе наставіць вачыма.\\ \\ Іскры сыпяцца з воч.\\ Не язда гэта — гора:\\ то на пень, то на корч,\\ толькі скрыгае шворан.\\ \\ Ён з мяне, пэўна б, так\\ выбіў сэрца і ныркі.\\ Ды на шчасце, аднак,\\ супыніўся, зафыркаў.\\ \\ Борць ён знюхаў.\\ Палез\\ па высокай яліне.\\ Ехаў я цераз лес,\\ а цяпер — па лясіне...\\ \\ Зацягнуў на сукі\\ ён мяне ў тых калёсах.\\ Зверху бачу блакіт,\\ знізу — елкі ды сосны...\\ \\ З’еўшы мёд дачыста,\\ вылез Мішка са збруі,\\ раз —\\ і знік у кустах.\\ Я ж на дрэве кукую.\\ \\ Пчолы джгаюць мяне,\\ быццам я тут нашкодзіў.\\ Адно ліха міне,\\ дык другое надходзіць.\\ \\ Падышоў тут пчаляр\\ па гарачаму следу.\\ — Вось дык, — кажа, — штукар!\\ Я такіх і не ведаў!\\ \\ Гляньце!\\ Красці мой мёд\\ на калёсах прыехаў!\\ Накармлю на сто год\\ за такую пацеху!\\ \\ Ён узлез да калёс,\\ воз пусціў мой да долу,\\ а пасля ўзяў адвёз\\ да сябе у стадолу.\\ \\ Дома ён адвязаў,\\ адляйцаў мяне з воза,\\ потым бочку узяў\\ і сказаў мне з пагрозай:\\ \\ — Лезь у бочку хутчэй,\\ покуль ты яшчэ цэлы!..—\\ Што лягчэй, што цяжэй —\\ мне ўжо незразумела.\\ \\ Што рабіць мне?\\ Маўчы!\\ Лезу.\\ Ён неўзабаве\\ дно ўвагнаў, абручы\\ і ў дварышчы паставіў.\\ \\ — Ночку тут пажыві,\\ а на золку —\\ У воду.\\ Як патрапіш у вір,\\ наясіся там мёду!\\ \\ Сам у хату пайшоў.\\ Мне чакаць трэба золку.\\ Лёс аднекуль прывёў,\\ як на шчасце мне, воўка.\\ \\ Воўк абныгаў, дзе мог.\\ Не знайшоўшы здабычы,\\ каля бочкі залёг\\ і ад злосці мармыча.\\ \\ Потым хвост свой паднёс\\ да шпунтовае дзіркі.\\ Я аберуч за хвост\\ ды праз дзірку як гыркну!\\ \\ Воўк ад страху аж сеў.\\ Потым скочыў на ногі\\ і не бег,\\ а ляцеў\\ без ніякай дарогі.\\ \\ Вые ў роспачы воўк.\\ Бочка грукае следам.\\ Ён ад страху ўвесь змок,\\ не сухім і я еду...\\ \\ Дзе аб камень штурхне,\\ дзе аб пень ці калоду.\\ Я не сніў нат у сне\\ пра такую прыгоду.\\ \\ Воўк імкнецца ўцячы,\\ я хваста не пушчаю.\\ Ужо лятуць абручы,\\ бочка клёпкі губляе.\\ \\ Потым клёпкі ўсе ўраз\\ паляцелі з узгорка.\\ Хвост пусціў я ў той час\\ і не бачыў больш воўка...\\ \\ Сам дадому хутчэй,\\ лахі ўзяўшы пад пахі...\\ Колькі меў праз гусей\\ я\\ ўсялякага страху!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]]