~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Дарога &keywords = дарога &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Дубоўкі "Дарога" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Дарога ====== Шляхі і гасцінцы ў прасторах радзімы!\\ Над вамі праходзяць і вёсны, і зімы,\\ \\ і лета цвятлівае з сонцам гарачым,\\ і восень сцюдзёная з ветрам і плачам.\\ \\ А людзі шляхамі-гасцінцамі едуць,\\ няма тут ніколі завялага следу...\\ \\ Ні ў песні, ні ў казцы, ні ў кнізе найлепшай\\ няма асалоды для сэрца мілейшай,\\ \\ якую прыносяць гасцінцы-дарогі\\ юнацкаму сэрцу і сэрцу старога.\\ \\ Навокал бязмежныя нашы прасторы,\\ абапал прысады, палеткі, азёры.\\ \\ Ад кветак улетку нам водар духмяны,\\ увосень віюцца кілімы туману,\\ \\ зіма свой абрус беласнежны пасцеле\\ з найлепшай, са срэбнай, з пушыстай кудзелі.\\ \\ Калісьці ў малецці шукалі мы, дзеці,\\ а дзе ж той канец для дарогі на свеце?\\ \\ Хадзілі далёка маленькія ножкі.\\ Нідзе не канчалася тая дарожка...\\ \\ У веку дарослым хадзілі нямала.\\ У нашых паходах чаго не бывала!\\ \\ Чаго не пабачыла вока людское!\\ Сказаць аніяк немагчыма пра тое!\\ \\ А толькі ў дарозе не бачылі краю,\\ за пройдзенай — з гакам — пачнецца другая.\\ \\ А гэтага гаку прайсці немагчыма,\\ як нельга яго перагледзець вачыма... ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]]