~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Ганарысты конь &keywords = конь, ішак, сядло &abstract = Чытаць казку "Ганарысты конь" у апрацоўцы Уладзіміра Дубоўкі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Ганарысты конь ====== **1** Ваяка меў цудоўнага каня.\\ На тым кані ён вецер абганяў.\\ \\ Сядло ўсё пазалочана на ім,\\ вуздэчка ўся ў зіхценні залатым.\\ \\ Імкнецца ў далі той цудоўны конь,\\ з-пад капытоў аж пырскае агонь.\\ \\ Віецца пыл за ім і па-над ім.\\ Конь ганарыцца вершнікам сваім.\\ \\ Насустрач ледзьве цягнецца ішак.\\ Няма на ім ні залатых адзнак,\\ \\ няма на ім багатага сядла,\\ адна падпінка з лямкай абвіла.\\ \\ Худы, ў дадатак стомлены такі,\\ як і усе наогул ішакі,\\ \\ ён на сабе вялікі цягне пак,\\ маленькі той, цярплівы той ішак.\\ \\ Пагрозна конь вачыма заблішчэў:\\ – Дарогу мне загарадзіў яшчэ!\\ \\ Ану, набок, а не – пазнаеш ты,\\ якія моцныя я маю капыты!\\ \\ Намуляў плечы пакамі ішак,\\ з дарогі не паверне ён ніяк.\\ \\ Ды што рабіць? Здратуе гэты конь,\\ бо ён жа крэсіць, бегучы, агонь.\\ \\ I пацягнуўся ён з дарогі ўбок,\\ як толькі мог, і пак свой павалок,\\ \\ худы ішак, натруджаны такі,\\ як і наогул пад цяжарам ішакі.\\ \\ А конь прамчаўся у шырокі свет,\\ а пыл, узняты ім, закрыў і след...\\ **2** У бойцы ранілі таго каня.\\ Не крэсіць капытамі ён агня.\\ \\ Ад ветру ззаду застаецца ён,\\ за ветрам больш не бегае ўздагон.\\ \\ Хоць гаспадар і уздыхнуў па ім,\\ ды зняў сядло з уборам залатым.\\ \\ З насечкай залатой вуздэчку зняў,\\ аброць уздзеў ён на таго каня.\\ \\ Пасля узяў яго за павадок\\ і на кірмаш павёў у гарадок.\\ \\ Купіў яго там неякі фурман,\\ сядла ў яго, у фурмана, няма.\\ \\ Цяжары возіць ён на тым кані.\\ Цяжкія для каня насталі дні.\\ **3** I дзень за днём, і дня не праміне, –\\ вялікія два пакі на спіне\\ \\ конь возіць. Адвязе – кладуць ізноў.\\ Так і калышуцца яны з бакоў...\\ \\ Аднойчы так ён з пакамі ідзе,\\ ды адпачынку не відаць нідзе.\\ \\ Насустрач і натрапіўся ішак,\\ які калісьці вёз таксама пак.\\ \\ Ішак даўнейшага каня пазнаў\\ і гутарку такую распачаў:\\ \\ – А, конь-сагіб! Салам алейкум вам\\ Чаму твая панікла галава?\\ \\ Нядаўна ты інакшы быў, – як леў.\\ Яшчэ мяне ты здратаваць хацеў.\\ \\ Я і падумаў – п’яны ты. Дарма!\\ На свеце хмелю вечнага няма,\\ \\ ад гордасці працверазішся ты!\\ А дзе ж, скажы, убор твой залаты?\\ **4** Пашкадаваў каня усё ж ішак.\\ – Давай мне, – кажа, – твой вялікі пак.\\ \\ Іду я ўлегцы. Памагу табе.\\ Я думаю, ён карак не саб’е...\\ \\ Пайшлі яны да месца удваіх.\\ Адзін маўчыць, ды і другі заціх... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-конь]] * [[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-саманадзейны-конь]] * [[творы/янка-маўр/янка-маўр-бярозавы-конь]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-конь-і-леў]] * [[творы/георгій-марчук/георгій-марчук-конь-мадагаскар]]