~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца... &keywords = зямлі, перамогі, вялікі, цяжар, жыццё, вядзі, ляжаць, жыцця, адгукнецца, шлях, ясны, сэрца, задушэўнай, любімае, краса &abstract = Чытаць верш Уладзіміра Дубоўкі "Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца..." &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца... ====== Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца,\\ на ясны шлях з табой мы узышлі.\\ Няхай краса любімае зямлі\\ у задушэўнай песні адгукнецца.\\ \\ Я з кожным днём раблюся больш цвярозым,\\ хоць з большай смагай чару п’ю жыцця.\\ Мінаюць дні і крыллем шалясцяць,\\ кладуць адбіткі на дасціпны розум.\\ \\ Пульсуе кроў мая спрадвечнаю крыніцай...\\ То не мая, то пакаленняў кроў!\\ Яны жылі і будуць жыць ізноў,\\ крылаты час над імі будзе віцца...\\ \\ Схіляюся і слухаю пакорна,\\ маўклівасць слухаю і гэты шум.\\ Цяжар вялікі я ў сабе нашу,\\ а ён жа меншы быў, цяжар, учора...\\ \\ У ім ляжаць здабыткі нашых продкаў,\\ ляжаць лятункі-мроі ўсе мае,\\ ляжыць усё, што нам жыццё дае\\ за век вялікі і такі кароткі...\\ \\ Урэшце прыйдзе вокамгненне хіжа,\\ затуліць вочы, вушы мае, рот,\\ а вечнасці няўмольнае пяро\\ апошні верш мой на зямлі напіша...\\ \\ I прыйдуць новыя на свет наш пакаленні,\\ якія будуць жыць у харастве Камун.\\ Жыццё аддам я хараству таму,\\ найдаражэйшаму дам летуценню.\\ \\ Бо там, за горамі гадоў, падзеі,\\ якія ўзмоцніць праца нашых рук.\\ За іх – усе цяжары падыму,\\ за іх і супраць розных ліхадзеяў.\\ \\ Наколькі хопіць сілы ў мяне, змогі,\\ наколькі хопіць дзён жыцця майго, –\\ мы пойдзем хваляй, палкай, як агонь,\\ ад перамогі і да перамогі.\\ \\ А ты вядзі мяне, маё ты сэрца,\\ на ясны шлях з табой мы узышлі.\\ Няхай краса любімае зямлі\\ у задушэўнай песні адгукнецца.\\ \\ 1927\\ \\ Крыніца: Дубоўка У. Выбраныя творы: у 2 т. Т. 1. Вершы. – Мінск: Беларусь, 1965. – 540 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]]