~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Айога &keywords = Айога &abstract = Чытаць казку "Айога" Уладзіміра Дубоўкі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Айога ====== //Нанайская казка// \\ Каля сіняга мора, ў далёкай тайзе,\\ дзе Амур свае воды да мора нясе, —\\ \\ асяліўся нанайскі народ-паляўнік.\\ Да тайгі і да мора з маленства ён звык.\\ \\ У вялікай і дружнай савецкай сям’і\\ ўсім хапае прастору, хапае зямлі.\\ \\ Не пакрыўджаны ў нас і нанайскі народ,\\ ён пазбыўся даўно векавечных нягод.\\ \\ У нанайцаў няма ні палёў, ні садоў,\\ ловяць рыбу яны, б’юць таёжных звяроў.\\ \\ На рацэ і на моры, на ўзгор’ях крутых\\ узрастае і ходзіць здабытак для іх.\\ \\ У таёжных распадках, ля горных крыніц\\ б’юць і ловяць яны сабалёў і лісіц.\\ \\ Не мінаюць аленяў яны і ласёў.\\ Для жыцця у тайзе і знаходзяць усё.\\ \\ Многа песень яны наспявалі ў жыцці.\\ Можна радасць і гора у песнях знайсці.\\ \\ Многа казак злажылі яны праз вякі\\ у хацінках сваіх на ўзбярэжжы ракі.\\ \\ Пра старых, пра малых, пра таёжных звяроў,\\ і пра птушак лясных, і пра звон ручаёў...\\ \\ Пра дзяўчынку, Айогу, гаворыць адна,\\ як зрабілася гускай за неслух яна...\\ 1 Жыў калісьці нанаец, па прозвішчу — Ла.\\ У яго і дачушка — Айога — была.\\ \\ Прыгажэй за яе не пабачыш нідзе.\\ Як пачула пра тое яна ад людзей, —\\ \\ стала так ганарыцца, што рады няма.\\ Пачалі ад яе ўсе люстэркі прымаць,\\ \\ бо яна і сядзіць каля іх цэлы дзень,\\ да работы якой нават блізка не йдзе.\\ \\ Пахавалі люстэркі — ёй мала бяды:\\ да крыніцы ідзе, да люстранай вады\\ \\ і сядзіць цэлы дзень над крынічнай вадой,\\ надзівіцца не можа сваёй пекнатой...\\ \\ Анічога у хаце не робіць зусім,\\ толькі цешыцца ўсё адлюстроўкам сваім.\\ 2 Просіць маці аднойчы: — Айога, схадзі прынясі мне вадзіцы разочак адзін!\\ \\ — Я ў ваду увалюся, бо бераг круты!\\ — Ты трымайся, дачушка, рукой за кусты!\\ \\ — Можа куст адарвацца, а як жа тады?\\ — Ты за моцны трымайся, дастанеш вады!\\ \\ — Ён мне рукі паколе... — А ты на руку рукавічку надзень, што вісіць на шастку.\\ \\ — Рукавічка парвецца, — гаворыць дачка, —\\ бо калючак багата на гэтых сучках..,\\ \\ — Ты зашыеш тады рукавічку сваю,\\ я табе вось на гэта і голку даю...\\ \\ — Паламаецца голка, набуду бяды:\\ ані голкі не будзе, ні ў хаце вады...\\ \\ Бацька кажа: — Вялікую голку вазьмі! — Ды не можа Айога згадзіцца і з ім:\\ \\ — А вялікая палец праколе якраз!\\ — А напарсткі навошта бываюць у нас?\\ \\ — А калі ператрэцца напарстак? Тады ні напарстка не будзе, ні ў хаце вады...\\ \\ Ды калі ж, сапраўды, ёй вадзіцу насіць?\\ На сваю пекнату ўсё ў мядніцу глядзіць...\\ 3 Падбягае дзяўчынка з суседняй сям’і.\\ Кажа: — Дайце вядро, а я збегаю з ім... \\ Нанасіла яна, колькі трэба, вады,\\ не спаткаўшы пры гэтым ніякай бяды.\\ \\ Маці цеста тады учыніла з вадой,\\ праснакоў нарабіла з чаромхай лясной.\\ \\ I на вогнішчы ўсе запякла праснакі.\\ Пах салодкі дайшоў да гультайкі-дачкі.\\ \\ Просіць матку Айога падаць ёй праснак,\\ бо сама зварухнуцца не можа ніяк.\\ 4 Маці словам наўчае гультайку дачку:\\ — Ён гарачы, Айога, ты спаліш руку!\\ \\ — Я магу рукавічкі, матуля, надзець!\\ — Рукавічкі намоклі ў крынічнай вадзе!\\ \\ — Пасушу іх, матуля, на сонейку я!\\ — Скарабаціць іх сонца, дачушка мая!\\ \\ — Я іх мялкай, матуля, тады разамну.\\ Будуць зноў рукавічкі — адна у адну.\\ \\ — Забаляць твае рукі ад працы такой.\\ Лепш сядзі і мілуйся сваёй пекнатой.\\ \\ Я праснак-перапечку дзяўчынцы аддам,\\ што вады для сябе нанасіла і нам.\\ \\ Не шкадуючы рук працавала яна,\\ дык няхай і падзяка ёй будзе ад нас.\\ \\ I суседскай дзяўчынцы, найлепшы на смак,\\ аддала у аддзяку вялікі праснак.\\ 5 Узлавалася вельмі Айога тады,\\ адышла ад матулі да самай вады.\\ \\ Адлюстровак свой бачыць на ціхай вадзе,\\ ён прыгожы такі, як ніякі, нідзе...\\ \\ Ля ракі і суседка сядзіць на траве,\\ свой гасцінец-праснак памаленечку жве.\\ \\ Пачала азірацца Айога назад,\\ на суседку кідае нядобры пагляд.\\ \\ Стала шыя цягнуцца яе ў даўжыню,\\ стала шыя ўзнімацца яе ў вышыню.\\ \\ А дзяўчынка — суседка — і кажа тады:\\ — Ты вазьмі мой гасцінец, мне хопіць яды\\ \\ Пабялела ад злосці Айога. «Як так?! Каб яна узяла той ламаны праснак?»\\ \\ Замахала рукамі ад сілы усёй\\ і зрабіліся рукі — як крылле на ёй.\\ \\ Закрычала: — Няхай тваё будзе табе! Мне не трэба нічога-га-га ад цябе. \\ Паслізнулася з берагу і паплыла,\\ быццам век яна гускаю белай была.\\ \\ Толькі чуем, крычыць ля ракі, ў берагах:\\ — Я красуня-га-га...\\ Я красуня-га-га...\\ \\ Па-нанайску забылася ўсё гаварыць,\\ толькі ведае імя да гэтай пары.\\ \\ I калі дзе заўважыць паблізу людзей,\\ пачынае крычаць над вадой, на вадзе:\\ \\ — Я — Айога-га-га...\\ Я — Айога-га-га... ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-казкі-і-краскі]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-вавёрчына-гора]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ппш]] * [[слоўнік/казка]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-казка-пра-музыку]]