~~META: title = Уладзімір Дубоўка — Адам і Ева &keywords = Ева, будзе, Вішну, палац &abstract = Чытаць інданезійскую казку "Адам і Ева" у апрацоўцы Уладзіміра Дубоўкі &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Дубоўка — Адам і Ева ====== //Інданезійская казка// \\ 1 Творца свету, мудры Вішну,\\ працавіты вельмі, ўвішны,\\ \\ намясіў аднойчы гліны,\\ з гліны вылепіў мужчыну,\\ \\ і Адамам па найменню\\ стала Вішнава тварэнне.\\ **2** Але мудры творца свету\\ ўцяміў хутка, што на гэтым\\ \\ ён спыняцца не павінен:\\ трэба дбаць і аб жанчыне.\\ \\ У вялікім задуменні\\ сеў прамудры на каменні.\\ **3** На каменні свету творца\\ можа б так сядзеў бясконца,\\ \\ ды на шчасце, ясным вокам\\ ён пабачыў недалёка\\ \\ кветку лотаса ў зіхценні\\ месяцовага прамення.\\ **4** Кветка тая – як жывая,\\ толькі што не размаўляе,\\ \\ а красе яе цудоўнай\\ больш няма нідзе падобнай.\\ \\ Захапіўшыся красою\\ незраўнанаю такою,\\ \\ Вішну ўзяў яе узорам\\ і стварыў жанчыну скора.\\ **5** Хараство зазіхацела ад\\ жанчынінага цела.\\ \\ Вочы, вусны, ўся яна там\\ пекнатой такой абнята,\\ \\ што схіліўся перад ёю\\ нават лотас над вадою.\\ \\ Даў імя ёй Вішну – Ева.\\ Прывітаў ён Еву спевам.\\ \\ А яна ў адказ сказала:\\ – Мне, прамудры, спеваў мала!\\ \\ Мне жылплошчу дай, мой божа,\\ з ёй ачаг і мяккі ложак.\\ **6** Вішну кажа: – Над зямлёю, над высокаю гарою\\ \\ я табе палац пастаўлю,\\ пекнату тваю праслаўлю.\\ \\ Карагодзіць будуць зоркі\\ у цябе на панадворку,\\ \\ прыйдзе Месяц у пакоі\\ вечароваю парою...\\ \\ Адказала Ева богу:\\ – Мне не трэ дабра такога!\\ \\ Будзе холадна на горах,\\ будзе зімна мне пры зорах...\\ **7** Вішну кажа: – У сінім моры, дзе бязмежныя прасторы,\\ \\ я табе палац пастаўлю,\\ хараство тваё праслаўлю.\\ \\ Будуць хвалі ля палаца\\ калыхацца і гайдацца,\\ \\ будуць барвамі усімі\\ зіхацець пад небам сінім...\\ \\ Адказала Ева богу:\\ – Мне не трэ дабра такога!\\ \\ Супакой там будзе дрэнны,\\ будуць грукаць хвалі ў сцены...\\ **8** Вішну кажа: – У пустыні, пад цудоўным небам сінім\\ \\ я палац табе пастаўлю,\\ прыгажосць тваю праслаўлю.\\ \\ Залаты пясок навокал\\ будзе цешыць тваё вока,\\ \\ там вады зусім не будзе,\\ цябе хвалі не пабудзяць...\\ \\ Адказала Ева богу:\\ – Мне не трэ дабра такога!\\ \\ Будзе горача там вельмі,\\ моцны вецер дзьме ў пустэльні...\\ **9** Каля іх, на тое ліха, тут\\ Адам прайшоў паціху.\\ \\ На яго зірнуўшы, Ева\\ ўся, як кветка, зружавела\\ \\ і сказала творцу-богу:\\ – Працаваў ты, божа, многа!\\ \\ Адпачні цяпер ад працы,\\ кінь ты клопат пра палацы!\\ \\ Мне палацам лепшым самым\\ будзе сэрца у Адама.\\ \\ Ты дазволь зайсці ў яго мне –\\ покуль час яшчэ – сягоння...\\ **10** Бог згадзіўся. З той часіны\\ Ева ў сэрцы у мужчыны\\ \\ і жыве, як пажадала,\\ гора маючы нямала.\\ \\ Як на горах, часам сцюжа;\\ як на моры, хвалі кружаць;\\ \\ вецер подыхам гарачым,\\ як з пустыні, дзьме, няйначай;\\ \\ набягаюць навальніцы,\\ ды такія – не спыніцца...\\ \\ А яна ўсё церпіць, Ева,\\ бо сама таго хацела\\ \\ і сама знайшла дарогу\\ да палаца вось такога. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/уладзімір-дубоўка/лірыка-уладзіміра-дубоўкі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы]] * [[постаці/уладзімір-дубоўка]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё]]