~~META: title = Лірыка Уладзіміра Дубоўкі &keywords = Дубоўка, лірыка &abstract = Кароткі аналіз лірыкі Уладзіміра Дубоўкі &iftrue = nan ~~ ====== Лірыка Уладзіміра Дубоўкі ====== Паэтычны стыль [[постаці/уладзімір-дубоўка|Уладзіміра Дубоўкі]] можна ахарактарызаваць як тонкі гукапіс жывога слова з нацыянальным каларытам і фальклорнай фактурай верша. Асаблівасці яго ў тым, што кожны вершаваны твор мае сапраўды лірычны настрой, факусіруе ў сабе ўнутраную напружанасць пачуцця і сведчыць пра павышаную эмацыянальнасць, схільнасць да маналагічна-спавядальнай рэфлексійнасці. Ёсць творы змрочныя, песімістычныя, заснаваныя на драматызме і трагедыйнасці ўнутранага перажывання («Тугой спавіты небакрай...», «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-імжа-і-склізота-і-прык|Імжа, і склізота, і прыкрая золь]]», «Асенні настрой», «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-мой-любы-браце-блізкі-|Мой любы браце, блізкі і далёкі...]]» і інш.). Вершы Уладзіміра Дубоўкі адрозніваюцца паглыбленай меладычнасцю і жывапіснасцю, што дасягаецца дзякуючы звароту да розных прыёмаў гукапісання і рытміка-інтанацыйнай зладжанасці. Паэт пазбягае празмернай метафарычнасці стылю, пышнасці фарбаў. Яго вершам уласцівы гукавы жывапіс. Слоўны малюнак часам ствараецца пры мінімальным задзейнічанні вобразна-выяўленчых сродкаў: дакладных, простых [[слоўнік/эпітэт|эпітэтаў]], метафар, іншых мастацкіх [[слоўнік/троп|тропаў]]. Аўтар часта ўжывае колеравыя прыметнікі, жывое, эмацыянальнае слова.\\ \\ Ранняя творчасць Уладзіміра Дубоўкі развівалася ў рэчышчы адраджэнскай тэматыкі, якая шырока адбілася найперш у патрыятычнай лірыцы [[постаці/янка-купала-коратка|Янкі Купалы]], што стала ўзорам для творчага наследавання, пераймання ў паслякастрычніцкі час. Так акрэсліліся асноўныя матывы лірыкі Дубоўкі. Гэта матыў бязмежнай, самаадданай любові да Беларусі, матыў зямной прыгажосці, хараства жыцця, матыў народа ў сучасным і гістарычна-нацыянальным аспектах.\\ Шэдэўрам патрыятычнай лірыкі Уладзіміра Дубоўкі з'яўляецца верш «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-о-беларусь-мая-шыпшына|О Беларусь, мая шыпшына]]» (1925). Ён прасякнуты верай у нязломнасць народнага духу, упэўненасцю ў перамозе над усім варожым. Верш пабудаваны на проціпастаўленнях, кантрастах. З аднаго боку, у ім прысутнічаюць рэвалюцыйна-рамантычныя вобразы, традыцыйныя для літаратуры 20-х гадоў (праменне яснае, радасць, Камуна Свету), а з другога — песімістычныя, змрочныя фарбы (вецер дзікі, варожасць шляху, перашкоды). Тут, быццам, і жахліва-цяжкае прадказанне [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі|Чарнобыля]], і вера ў паратунак. Аднак, нягледзячы на кантрастнасць вобразаў і фарбаў, верш гучыць аптымістычна: О Беларусь, мая шыпшына,\\ зялёны ліст, чырвоны цвет!\\ У ветры дзікім не загінеш,\\ чарнобылем не зарасцеш. \\ Уладзімір Дубоўка выказвае глыбокую ўпэўненасць, веру ў тое, што яго Бацькаўшчыну-шыпшыну, якая моцна ўрасла каранямі ў зямлю і жывіцца яе гаючымі сокамі, не адолеюць дзікія вятры-навалы гісторыі. Такім чынам паэт акрэслівае ідэю вечнасці і нязменнасці Радзімы ў часе і прасторы, ідэю бясконцасці жыцця ўвогуле.\\ Сведчаннем уласнай усвядомленай грамадзянскай і пісьменніцкай пазіцыі могуць служыць вершы [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-часіна-ды-з-сокам-рабі|«Часіна ды з сокам рабіны»]], [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-паляжам-мы|«Паляжам мы»]], [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-i-гінулі-яны-за-косы-к|«I гінулі яны...»]], «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-далёкае-мы-любім-надта|Далёкае мы любім надта]]» і інш. У першым паэт сцвярджае, што гатовы адстойваць ідэалы праўды і справядлівасці, заставацца верным абранаму жыццёваму крэда.\\ Уладзімір Дубоўка горача адстойваў у мастацтве прынцып гуманізму, праўдзівасці, даваў прыклад уласнай мастакоўскай непадкупнасці, чалавечага высакародства.\\ \\ З дзяцінства жыла ў сэрцы паэта шчырая любоў да роднай прыроды. Пачалася яна з тых дзён, калі хлопчыку прыходзілася пасвіць кароў каля возера, дзе з захапленнем ён слухаў гоман бору, мелодыю вады, спевы птушак. Захапленне красой вылівалася ў паэта ў вершаваныя формы, адзначаныя шчырым пачуццём замілавання да роднага краю, яго краявідаў, услаўленнем вальналюбства, кахання, маладосці, вернага сяброўства (вершы [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-летуценнем-пройдзем-мы|«Летуценнем пройдзем мы над краем...»]], [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-зацвітай-зара-на-небас|«Зацвітай, зара, над небасхілам»]], [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ты-напорна-ідзеш-малад|«Ты напорна ідзеш, маладая...»]], «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-вядзі-мяне-як-і-вяло-т|Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца...]]»).\\ Спецыфіка пейзажнай лірыкі Дубоўкі ў тым, што ў вобразна-слоўнай плыні твораў пераважаюць тонкі лірызм, надзвычайная пачуццёвасць, своеасаблівы нервовы рытм. Праз вобраз прыроды паэт раскрывае ўнутрана змястоўны, драматычна-складаны стан чалавечай душы, глыбіню і моц эмацыянальных перажыванняў. Жывапісны пейзаж падсвечаны «пейзажам душы», часта скіраваны ў рэчышча абвостранага маральна-этычнага канфлікту (твор «Пальцы жоўтых кляновых лістоў»). І не толькі. Паэт выступае за чысціню і шчырасць чалавечых узаемадачыненняў, за захаванне гармоніі людскіх адносін, за індывідуальна-асобаснае самавыяўленне. Час жа патрабаваў татальнага падпарадкавання асабістых інтарэсаў грамадскім, сугучным з палітычнай надзённасцю. Арганічныя сувязі паміж рэчаіснасцю і ўнутраным светам асобы парушаліся, дэфармаваліся. Верх пачынала браць фальшывае, антыгуманнае, усё менш месца заставалася людскаму, шчыраму, святому.\\ \\ Зварот да вечных пытанняў быцця, у якіх асновасутнасную ролю адыгрывалі праявы хараства, прыгажосці, дазваляў паэту пераключыць увагу на агульначалавечыя тэмы і праблемы. Краса для Уладзіміра Дубоўкі, як і для ўсіх узвышаўскіх паэтаў, станавілася ўніверсальнай катэгорыяй, з дапамогай якой адкрывалася магчымасць выявіць сутнасць жыцця. Краса была сведчаннем і творча-актыўных адносін да рэчаіснасці, [[слоўнік/сінонімы|сінонімам]] узвышанага, сімвалам абуджэння духоўнага патэнцыялу нацыі. Менавіта праз жывапісны пейзажны малюнак Дубоўка вырашаў філасофскія пытанні, выяўляў свой эстэтычны ідэал.\\ Узорам пейзажна-філасофскай лірыкі можа служыць верш «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-залатая-асенняя-раніца|Залатая асенняя раніца...]]» (1922), дзе ўразлівая натура [[слоўнік/вобраз-лірычнага-героя|лірычнага героя]] знаходзіцца ў палоне пачуццяў ад сузірання дзіўнай прыгажосці. Апісанне асенняга пейзажу, зробленае з надзвычайным замілаваннем, унутраным трымценнем і цеплынёй, дапамагае абвастрыць момант развітання, як можна меркаваць, з каханай.\\ Твор «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-пальцы-жоўтых-кляновых|Пальцы жоўтых кляновых лістоў]]» (1925) пазнейшы па часе напісання, але падобны да папярэдняга жанрава-тэматычнай канвой. Паэт нібы імкнецца пераканаць сябе самога: нішто не зможа парушыць хараства асенняй прыроды, рамантычных летуценняў. I тым не менш праз шэраг міні-вобразаў, дэталей прабіваецца трывога, прадчуванне непапраўнай бяды. Вобраз восені мае неадназначны, іншасказальны сэнс. Праз вобраз прыроды паэт раскрывае ўнутрана змястоўны, драматычна-складаны стан чалавечай душы, глыбіню і моц эмацыянальных перажыванняў.\\ Вобразная сістэма верша Уладзіміра Дубоўкі трымаецца на суцэльнай паэтычнай персаніфікацыі, напоўнена актуальным грамадскім сэнсам,які вынікае з сацыяльных і духоўных праблем жыцця. Галоўная думка закладзена ў апошняй страфе: Дзесь далёка галосіць сава,\\ небакрай апрануўся жалем.\\ Людзі любяць душу прасаваць\\ калі гэта душа чужая. \\ Сімвалічным падаецца вобраз «раскіданых над светам арэхаў». У вершы арэхі ўвасабляюць чалавечыя душы, якім наканавана было прайсці суровыя і жорсткія выпрабаванні лёсу, пасля чаго ім давялося легчы «ў воўне блакітнай», гэта значыць адысці ў іншасвет. Сэнсава і кантэкстуальна мэтазгодным падаецца ў гэтай сувязі і [[слоўнік/двухрадкоўе|двухрадкоўе]] з запытальнай інтанацыяй і інтрыгуючым шматкроп'ем: Ці таму, што сумуюць журавы,\\ Ненасытна свіргочуць жорны?.. \\ Падобныя вобразы ўмоўна-метафарычнага плана набываюць адзнакі філасофскай роздумнасці. Твор можна назваць рэквіемам, мастацкім прадбачаннем незлічоных бязвінных ахвяр сталінскага тэрору. Канфлікт асобы з грамадствам набыў вялікую ступень напалу трагедыйнасці, форму акта ачышчэння праз пакуты і смерць. Паэт заклікае да захавання ў людскіх душах парасткаў дабрыні, спагадлівасці і адкрытасці, вітае вернасць чалавечаму абавязку і праўдзе жыцця.\\ Філасофская паглыбленасць, зварот да агульначалавечых праблем уласцівы вершу «[[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ніколі-праўда-не-ўміра|Ніколі праўда не ўмірае]]». У алегарычнай форме ў ім сцвярджаецца неўміручасць праўды жыцця. ===== Падобныя старонкі ===== * [[слоўнік/інтымная-лірыка]] * [[творы/максім-багдановіч/патрыятычная-лірыка-максіма-багдановіча]] * [[творы/адам-гурыновіч/адам-гурыновіч-лірыка]] * [[творы/пятрусь-броўка/асноўныя-матывы-вобразы-і-мастацкія-асаб]] * [[слоўнік/лірыка]]