~~META: title = Тарас Шаўчэнка — І на чужыне я узрос... &keywords = чужыне, маці, Украіне &abstract = Тарас Шаўчэнка - І на чужыне я узрос... &iftrue = nan ~~ ====== Тарас Шаўчэнка — І на чужыне я узрос... ====== I на чужыне я узрос,\\ I на чужыне я сівею, –\\ I даў мне ў адзіноце лёс,\\ Здаецца, лепшую надзею –\\ Дняпро, што лашчыць сэрца нам,\\ Ды нашу слаўную краіну.\\ Аж бачу – добра толькі там,\\ Дзе нас няма. Ліхой гадзінай\\ Мяне дадому пацягло,\\ I я наведаў Украіну\\ I тое светлае сяло,\\ Дзе колісь маці спавівала\\ Мяне малога і ўначы\\ На свечку Богу зарабляла;\\ Паклоны цяжкія б’ючы,\\ Прачыстай ставіла, маліла,\\ Каб доля добрая любіла\\ Яе дзіця... О маці, маці,\\ Чаму ты рана спаць лягла!\\ А то б ты Бога пракляла\\ За сынаў лёс. Адны няшчасці У тым сяле, што я люблю:\\ Чарней за чорную зямлю\\ Блукаюць людзі; паўсыхалі\\ Сады, і хаткі пагнілі,\\ Старыя да зямлі прыпалі;\\ Ставы бур’янам параслі,\\ Сяло нібыта пагарэла,\\ Нібыта людзі падурэлі,\\ На паншчыну нямыя йдуць\\ I дзетачак сваіх вядуць.\\ . . . . . . . . .\\ I я, заплакаўшы, назад\\ Ізноў паехаў на чужыну.\\ \\ I не ў адным сяле такім,\\ А скрозь па слаўнай Украіне\\ Паны ярмо надзелі ўсім\\ Працоўным людзям. Гінуць, гінуць\\ Ў ярме тым рыцараў сыны,\\ А чорным гандлярам паны,\\ Братам сваім, прадаць спяшаюць\\ Ужо апошнія штаны...\\ . . . . . . . . . . .\\ Нядобра дужа, страх, нядобра\\ Тут у пустыні прападаць.\\ А горш яшчэ на Украіне\\ Глядзець, і плакаць, і маўчаць.\\ \\ А як не бачыш тога ліха,\\ То скрозь, здаецца, люба, ціха;\\ I на Украіне дабро скрозь;\\ Між белых гор стары Дняпро,\\ Нібыта ў малаку хлапчына,\\ Красуецца, любуецца\\ На ўсю Украіну,\\ А па-над ім зелянеюць\\ Шырокія сёлы;\\ А ў тых сёлах у вясёлых\\ I народ вясёлы.\\ Яно б, можа, так збылося,\\ Каб не засталося\\ Слядоў панскіх на Ўкраіне!..\\ \\ Кос-Арал, 1848 //Пераклад [[постаці/аркадзь-куляшоў|Аркадзя Куляшова]]// ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/тарас-шаўчэнка/жыццё-і-творцасць-тараса-шаўчэнкі]] * [[творы/тарас-шаўчэнка/тарас-шаўчэнка-сон]] * [[творы/тарас-шаўчэнка/тарас-шаўчэнка-садок-вішнёвы-каля-хаты]] * [[ibdc.ped>славуты-сын-украіны]] * [[творы/тарас-шаўчэнка/тарас-шаўчэнка-думка]]