Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:тарас-шаўчэнка:тарас-шаўчэнка-думка

Гэта старая версія дакумента!


Тарас Шаўчэнка — Думка

Цяжка-цяжка жыць на свеце
Сіраце без роду:
Няма куды прыхіліцца, –
Хоць з гары ды ў воду!
Утапіўся б маладзенькі
У той быстрай рэчцы;
Утапіўся б – цяжка жыці,
І няма дзе дзецца.
Ходзіць доля ў каго полем,
Каласкі збірае,
А мая дзесь, нягодніца,
За морам блукае.
Добра таму багатаму:
Яго людзі знаюць;
А са мною сустрэнуцца –
Вокам абмінаюць.
Багатага, губатага
Дзяўчына шануе;
З мяне, сіраты гаротнай,
Смяецца, жартуе.
«Ці я ж табе не прыгожы,
Ці не ў цябе ўдаўся,
Ці не люблю цябе шчыра,
Ці з цябе смяяўся?
Любі ж сабе, маё сэрца,
Любі, каго знаеш,
Але з мяне ты не смейся,
Калі ўспамінаеш.
А я пайду на край свету…
На чужой старонцы
Знайду лепшую ці згіну,
Як той ліст на сонцы».
Пайшоў казак сумуючы –
Нікога не кінуў;
Шукаў долі ў чужым полі
Ды там і загінуў.
Уміраючы, ўглядаўся,
Дзе сонейка ззяе…
Цяжка-цяжка уміраці,
Цяжка ў чужым краі!

Гатчына, 1838

Пераклад: Янка Купала

Падобныя старонкі

творы/тарас-шаўчэнка/тарас-шаўчэнка-думка.1755964082.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:48 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki