Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-твой-голас

Гэта старая версія дакумента!


Сяргей Грахоўскі — Твой голас

Тут сонца і ружы у скверы,
Тут спеюць інжыр і хурма,
І цяжка адразу паверыць,
Што недзе ў Сібіры – зіма,

Што хмары, звісаючы нізка,
Дарогі вадой залілі,
Што восень у нас і над Мінскам
Ляцяць і ляцяць жураўлі,

Што голыя мокнуць асіны,
Што з клёнаў апалі лісты,
Ад іх, як ад лапак гусіных,
Наўкол чырванеюць сляды.

Мне так закарцела дадому,
Пакуль не мінуў лістапад,
І раптам знаёмы-знаёмы
Твой голас паклікаў назад.

Даводзіла ты мне старанна,
Што трэба на поўдні пажыць…
Я чуў, што дрыжыць не мембрана,
А радасны голас дрыжыць.

Здалося, нібы ўвачавідку
Мы побач з табою стаім
І провада тонкую нітку
Сагрэлі дыханнем сваім.

Здалося, крануліся скроняў
Гарачыя вусны твае,
Даспеў вінаград на адхоне,
І сонца над намі ўстае.

Бо шчасце не ведае меры,
А шчасця без веры няма.
Няхай жа і ў нашыя дзверы
Не грукае болей зіма.

І раптам, не скончыўшы сказа,
Ты змоўкла: хвіліны прайшлі…
І зноў над хрыбтамі Каўказа
Аднекуль ляцяць жураўлі.

1959


Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-твой-голас.1755963870.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki