~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Твой голас &keywords = ляцяць, жураўлі, голас, сонца, дрыжыць, зіма, здалося &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Твой голас" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Твой голас ====== Тут сонца і ружы у скверы,\\ Тут спеюць інжыр і хурма,\\ І цяжка адразу паверыць,\\ Што недзе ў Сібіры – зіма,\\ \\ Што хмары, звісаючы нізка,\\ Дарогі вадой залілі,\\ Што восень у нас і над Мінскам\\ Ляцяць і ляцяць жураўлі,\\ \\ Што голыя мокнуць асіны,\\ Што з клёнаў апалі лісты,\\ Ад іх, як ад лапак гусіных,\\ Наўкол чырванеюць сляды.\\ \\ Мне так закарцела дадому,\\ Пакуль не мінуў лістапад,\\ І раптам знаёмы-знаёмы\\ Твой голас паклікаў назад.\\ \\ Даводзіла ты мне старанна,\\ Што трэба на поўдні пажыць...\\ Я чуў, што дрыжыць не мембрана,\\ А радасны голас дрыжыць.\\ \\ Здалося, нібы ўвачавідку\\ Мы побач з табою стаім\\ І провада тонкую нітку\\ Сагрэлі дыханнем сваім.\\ \\ Здалося, крануліся скроняў\\ Гарачыя вусны твае,\\ Даспеў вінаград на адхоне,\\ І сонца над намі ўстае.\\ \\ Бо шчасце не ведае меры,\\ А шчасця без веры няма.\\ Няхай жа і ў нашыя дзверы\\ Не грукае болей зіма.\\ \\ І раптам, не скончыўшы сказа,\\ Ты змоўкла: хвіліны прайшлі...\\ І зноў над хрыбтамі Каўказа\\ Аднекуль ляцяць жураўлі.\\ \\ 1959\\ \\ Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-прызнанне]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-стары-млын]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]]