~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Сіла зямлі &keywords = полі &abstract = Чытаць верш "Сіла зямлі" Сяргея Грахоўскага &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Сіла зямлі ====== Калі зойдзецца сэрца ад болю\\ I прыстану зусім на хаду,\\ Пры дарозе ці ў ветраным полі\\ У даспелыя травы ўпаду –\\ \\ На палын, на халодны трыпутнік,\\ На пасохлы чабор і званец\\ Павалюся цішком, як пакутнік,\\ I падумаю: «Вось і канец».\\ \\ Ды пачую: стракочуць стракозы,\\ Па былінцы паўзуць мурашы –\\ Нечаканыя высахнуць слёзы,\\ Акрыяе надзея ў душы.\\ \\ На рамонках туманныя росы\\ I гараць, і цвітуць, і дрыжаць,\\ Маладзік устае з-за бярозы,\\ Каб у полі пшаніцу дажаць.\\ \\ Перапёлкі заходзяцца ў жыце,\\ Атрасаючы долу тугу.\\ Я прашу іх: «Хоць вы не кажыце,\\ Што прыстаў, што дайсці не магу».\\ \\ Узыходзіць над жытам Венера,\\ Моўкне плач адзінокай савы...\\ Я прыпаў да зямлі і паверыў,\\ Што ўваскрэсну, што зноўку жывы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-стары-млын]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-прызнанне]]