~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Стары млын &keywords = Грахоўскі, стары, млын &abstract = Чытаць верш "Стары млын" Сяргея Грахоўскага &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Стары млын ====== Не пытаюся, куды вядзе дарога.\\ Калі ёсць, дык некуды вядзе...\\ Можа, да млына таго старога,\\ Што ужо не меле, а гудзе\\ \\ Вецер у пустых кашах і скрынях,\\ Зарастаюць мохам латакі,\\ I ляжыць на бэльках, быццам іней,\\ Пыл калісьці змеленай мукі.\\ \\ Не, не збіўся. Прывяла дарога:\\ Млын дрыжыць адбіткам на вадзе.\\ Пагукаў, але няма нікога,\\ Нават следу не відно нідзе.\\ \\ На прантах парэпаліся жорны,\\ Пацукоў цікуе кот рабы,\\ На прыступках і ў паддашшы чорным\\ Стогнуць і жыруюць галубы.\\ \\ А было ж завознікаў памногу,\\ Жорны аж да поўначы гулі,\\ I вазы ў далёкую дарогу\\ Везлі мліва цёплыя кулі.\\ \\ Паглядзеў на млын, нібы на страту\\ Даўніны забытай і нямой,\\ I сумеўся, разабраўшы дату,\\ Што забыты млын — равеснік мой.\\ \\ 1987 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-прызнанне]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-казкі-жыцця]]