~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Светлячкі &keywords = мядзведзь, лось, свецяць, нагу, пушчы, бабры, завіхаюцца, бачыць, зары, святло, ложак, заяц, паляцела &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Светлячкі" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Светлячкі ====== //Пушчанская казка// Ох і цёмна ж ноччу ў пушчы:\\ Ельнік стаў яшчэ гусцей,\\ Лось галлё сухое трушчыць\\ I чапляецца часцей\\ То за пень, то за калоду,\\ То за вострыя сукі, –\\ Не былі такія зроду\\ Паздзіраныя бакі.\\ Праз ядловец не прабіцца,\\ Ледзь назад пралезці змог,\\ I заўважыла Ласіца,\\ Што ў яго зламаны рог.\\ \\ Ці былі там вы калі,\\ Дзе хоць вока выкалі?\\ \\ А малое Ваўчаня\\ Пагукала маму\\ I ўпацёмках каля пня\\ Паляцела ў яму.\\ Вые, енчыць і галосіць,\\ Памагчы суседзяў просіць,\\ А ў ракітавым кусце\\ Заяц плача ў цемнаце.\\ \\ Кінуў цёплую бярлогу\\ I пабег на дапамогу,\\ Пералазячы ледзь-ледзь\\ Праз валежыны, Мядзведзь.\\ Зайца выцягнуў за вушы –\\ I прайшоў адразу страх.\\ «Толькі больш ніколі, дружа,\\ Не сланяйся па начах, –\\ \\ Ушчуваў Мядзведзь касога\\ Вось твая дамоў дарога.\\ Там даўно бядуе маці,\\ Я ж пайду да ваўчаняці,\\ Бо яго бацькам да рання\\ Не вярнуцца з палявання\\ З-за шырокае ракі,\\ Дзе хаваюцца дзікі.\\ Можа, хлопца уратую,\\ Толькі трэба паглядзець...»\\ Але як залемантуе\\ I завойкае Мядзведзь:\\ «Ой, скрануцца не магу,\\ Бо ўпіваюцца ў нагу,\\ Быццам тысяча іголак,\\ Дрот калючы ў дзесяць столак.\\ Касавокі, не бяжы,\\ Мне хутчэй дапамажы!»\\ Але раптам з-пад нагі\\ Голас чуецца другі:\\ «Хто там прэцца, як мядзведзь\\ I крычыць без толку,\\ Хто не можа паглядзець,\\ Што на мне іголкі?»\\ «Адурэў, таварыш Вожык!\\ Хто ж на сцежцы ставіць ложак?»\\ \\ «Я не ложак, а лагчынку\\ Паміж лісцікаў і траў\\ Для начнога адпачынку\\ Сам сабе аблюбаваў.\\ У мяне цяпер, сябры,\\ Тры зламаныя рабры».\\ \\ «Ну, а я ўжо не змагу\\ Стаць на правую нагу!»\\ I Мядзведзь узяў у зяпу\\ Акрываўленую лапу.\\ \\ Толькі ў пушчы сярод ночы\\ З кожнага Сава рагоча,\\ Бо яна з усіх адна\\ Добра бачыць давідна,\\ I на досвітку засне\\ На яліне ці сасне.\\ \\ А Мядзведзь раве ад болю,\\ Стогне, лапаю трасе.\\ I на крык па добрай волі\\ Пазбягаліся усе:\\ Праз ядловец, без дарогі,\\ Лось прыплёўся аднарогі,\\ І казулі, і дзікі,\\ I Лісіца – з-за ракі.\\ За увагу і за ласку\\ Заяц робіць перавязку:\\ Берасцінаю ў тры рэдзі\\ Закруціў нагу Мядзведзю.\\ Той суцішыўся, замоўк.\\ Аж прыбег аднекуль Воўк.\\ Пасівелы і стары,\\ Вочы, быццам ліхтары,\\ З ім і тое Ваўчаня,\\ Што у яме, каля пня,\\ З усяе ваўчынай сілы\\ На ўсю пушчу галасіла.\\ \\ \\ Раптам крыкнула Сарока:\\ «Колькі ж нам блукаць у змроку?\\ Мае кожнае сяло\\ Электрычнае святло.\\ Вось і трэба ад вады\\ Нам правесці правады,\\ Каб сучок і кожны пень\\ Ноччу бачыць, як удзень».\\ \\ Просіць слова Воўк стары:\\ «Толькі выхад ёсць адзіны –\\ Можа, згодзяцца бабры\\ Збудаваць для нас плаціну.\\ Дык няхай да іх дахаты\\ Сходзяць нашы дэлегаты\\ I папросяць, каб бабры\\ На Чаромхавым віры\\ Добра рэчку загацілі\\ I па дроце ток пусцілі».\\ \\ А назаўтра ўсе з ахвотай\\ Захапіліся работай.\\ Ад зары і да зары\\ Завіхаюцца бабры –\\ Валяць елкі і асіны\\ Для галоўнае плаціны.\\ \\ Ад світання да змяркання\\ Дзік з кратамі – ў катлаване,\\ А Мядзведзь, хоць і кульгае,\\ Кожнаму дапамагае:\\ Прыкаціў на бераг прама\\ Ён турбіну і дынаму.\\ Дзе разжыўся – невядома.\\ Можа, узяў з металалому,\\ Але ім няма цаны,\\ Бо як новыя яны.\\ \\ А цяпер і павукі\\ Узяліся за работу:\\ На галіны і сукі\\ Начаплялі столькі дроту,\\ Што прайсці і Лось не змог\\ I зламаў апошні рог.\\ \\ Завіхаюцца да зморы\\ Даўганогія манцёры,\\ I пад вечар пішуць зводку,\\ Што закончылі праводку.\\ \\ Каля рэчкі за-гу-ло...\\ Закруцілася дынама.\\ «Ёсць і ў нас цяпер святло»,\\ Паляцела тэлеграма\\ Да пушчанскага цара –\\ Белавежскага Зубра.\\ \\ На галінкі і сучкі\\ Дружна селі светлячкі\\ I найлепш на свеце\\ Свецяць, свецяць, свецяць.\\ \\ А Лісіца, цётка Ліза,\\ Каб усюды быў прагрэс,\\ Каляровы тэлевізар\\ Прыцягнула з крамы ў лес.\\ \\ Светла, весела ў пушчы,\\ А было ж наадварот.\\ I адразу стаў відушчы\\ Нават самы цёмны Крот\\ I жадае: «Каб было\\ На зямлі заўжды святло!»\\ \\ 1980\\ \\ Крыніца: Грахоўскі С. Выбраныя творы. У 2-х х. Т. 2. Вершы, паэмы, казкі, пераклады.: Маст. літ., 1983. – 414 с ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-стары-млын]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-прызнанне]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]]