~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Размова з маці &keywords = маці, здаецца, памяці, маленства, гавару, сягоння, збірала &abstract = Чытаць верш Сяргея Грахоўскага "Размова з маці" &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Размова з маці ====== Я ўсё шукаю матчыну магілу\\ I не магу знайсці пасля вайны.\\ Дзе бэз буяў і крыж стаяў пахілы,\\ Сівыя адцвітаюць палыны.\\ \\ На могільніку – бомбавыя ямы,\\ На соснах – абламаныя сукі,\\ Крышылі іх і «юнкерсы», і «рамы»\\ I ў чорных павуках штурмавікі.\\ \\ Цяпер спакой і ціша на пагосце.\\ У добрую асеннюю пару\\ Прыходжу я сюды, нібыта ў госці,\\ I да змяркання з маці гавару.\\ \\ Яна у памяці маёй жыве заўсёды,\\ Яна – ў крыві, у сэрцы і ў душы;\\ Здаецца, проса поле ў непагоду,\\ То месіць хлеб на досвітку ў дзяжы\\ \\ То абувае лапці на узмежку,\\ То ціхенька ўздыхае па начах,\\ I радасці, і гора, і усмешку\\ Я пазнаю ў зажураных вачах.\\ \\ Яна мяне люляла і лячыла,\\ Збірала зёлкі, травы і кару,\\ Яна мяне з маленства навучыла\\ Так гаварыць, як сёння гавару.\\ \\ Такою ў памяці і асталася маці,\\ Калі ішла сцяжынкай за сяло,\\ Калі збірала збожжа да зярняці,\\ Каб кожнае сцяблінкай узышло.\\ \\ Напэўна, ў жыце, што шуміць сягоння\\ I зіхаціць іскрынкамі расы,\\ Згінаюцца, калышуцца, гамоняць\\ З яе зярнят жывыя каласы.\\ \\ Ты чуеш, маці, вось твае унукі;\\ З маленства ім цябе недастае;\\ Здаецца мне, што ў іх такія рукі\\ I валасы, і вочы, як твае.\\ \\ Тваім унукам свет увесь адкрыты,\\ I сняцца ім сягоння нездарма\\ Далёкія блакітныя арбіты.\\ Жыццё ідзе.\\ Жыццю канца няма.\\ \\ 1964 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]] * [[ibdc.ped>да-маці]] * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]]