~~META: title = Сяргей Грахоўскі — Прызнанне &keywords = Грахоўскі, прызнанне &abstract = Чытаць верш "Прызнанне" Сяргея Грахоўскага &iftrue = nan ~~ ====== Сяргей Грахоўскі — Прызнанне ====== Як я жыў без цябе?\\ І не ведаў, што недзе на свеце,\\ За глухімі лясамі,\\ За сотнямі ўзгоркаў і меж,\\ Не на дальнім сузор’і,\\ А ў нас, на планеце\\ Ты ў зялёным і ціхім завулку жывеш.\\ \\ Як я жыў без цябе?\\ А маглі ж не сустрэцца ніколі,\\ За паўкрока\\ Адно аднаго абмінуць,\\ Разысціся, як сцежкі расходзяцца ў полі,\\ І не знаў бы за страту каго папракнуць.\\ \\ Мабыць, трэба было\\ Праваліцца у пекла,\\ Траціць блізкіх, пакутаваць,\\ Мерзнуць, гарэць,\\ Ратавацца,\\ Каб лютая сцюжа не ссекла,\\ Каб цябе пад Палярнаю зоркай сустрэць.\\ І пазнаць,\\ І адразу забыцца аб крыўдзе,\\ Каб убачыць праменьчыкі\\ Ў зрэнках тваіх,\\ Нарадзіцца ізноў\\ І паверыць, што прыйдзе\\ І збавенне, і шчасце\\ Адно на дваіх;\\ Падабрэць, памякчэць,\\ Назаўседы скарыцца\\ Непадкупнай\\ Суровай тваёй чысціні,\\ Каб істоты тваёй адкрываць таямніцы,\\ Каб душу гартаваць на высокім агні.\\ \\ Час ляціць і ляціць,\\ Завіруха завеяла скроні,\\ Пакідаюць насечкі\\ Гады на ілбе.\\ Я гляджу на цябе,\\ Я дзіўлюся і сёння,\\ Чым я жыў без цябе,\\ Як я жыў без цябе?.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-чалавеку-патрэбна-не-сл]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-мама]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-казкі-жыцця]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-стары-млын]] * [[постаці/сяргей-грахоўскі]]